Ліса і вінаград

Гільерме Фігейрэду
Смешная трагедыя на 2 дзеі
Спектакль на беларускай мове.
Працягласць — 2 гадзіны 20 хвілін.
ад 16 гадоў
Пераклад – Юрка Гаўрук
Сучасная адаптацыя – Алесь Сухадолаў і Жана Лашкевіч
Рэжысёр-пастаноўшчык – Генадзь Мушперт
Мастак-пастаноўшчык – Алена Ігруша
Кампазітар – Анатоль Кандыба
П’еса Гільерме Фігейрэду “Ліса і вінаград” пра раба-філосафа Эзопа, яго глупага, фанабэрыстага гаспадара Ксанфа і прыгожую жонку Ксанфа Клею, употайкі закаханую ў Эзопа, была надзвычай папулярная ў 50-60’я гады мінулага стагоддзя. Падчас хрушчоўскай “адлігі” “эзопавай мовай” са сцэнаў вядучых тэатраў акцёры распавядалі людзям пра свабоду і несвабоду. Вылучыўся тады і Купалаўскі тэатр – ці не найлепшай у Савецкім саюзе пастаноўкай “Лісы і вінаграду” з Барысам Платонавым у ролі Эзопа.

Слынны байкапісец Эзоп – асоба напалову міфічная, аточаная шматлікімі чуткамі і паданнямі. Хто толькі не імкнуўся разгадаць яго таямніцу – ад “бацькі гісторыі” Герадота да пратэстанта Марціна Лютэра. Бразільскі драматург Г. Фігейреду, паяднаўшы звесткі з усемагчымых крыніц, стварыў запамінальны мастацкі вобраз Эзопа – здольнага сачыняльніка і глыбокага мысляра, якому наканавана было нарадзіцца ў целе “самага брыдкага нявольніка ў Грэцыі”.

Створаны драматургам цэласны вобраз Эзопа не пакідае сумненняў у існаванні яго рэальнага прататыпа, але найперш важна тое, што вуснамі свайго героя аўтар сцвердзіў права кожнага чалавека на асабістую свабоду, якое даецца ад нараджэння.

Сёння рэжысёр Генадзь Мушперт з падмосткаў ТЮГа бярэцца даказаць, што “эзопава мова” праз тысячагоддзі не губляе сваёй актуальнасці, а пытанне асабістай свабоды гучыць не менш востра і ў наш час здаволенай сытасці, калі вакол пануюць ідэалы “грамадства спажывання”.

Г. Мушперт атрымаў у Ленінградзе акторскую падрыхтоўку, а рэжысуру штудыяваў у Мінску, працаваў у тэатрах Чэлябінска, Рыгі, Гародні, Віцебска. Спектаклі ў яго пастаноўцы адзначаны прэстыжнымі ўзнагародамі на міжнародных фестывалях у Санкт-Пецярбургу (2003, 2004) і Керчы (2006).

Ролі выконваюць:
Эзоп – заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Леанід УЛАШЧАНКА
Ксанф – Аляксандр ПАЛАЗКОЎ
Клея – Наталля ГАРБАЦЕНКА
Нявольніца – Ганна КАЗЛОВА, Таццяна РАЖАЎСКАЯ
Капітан – Валерый НОВІК
Эфіёп – Аляксандр ГЛАДКІ, Андрэй КАРАЛЕВІЧ
Імпрэзай кіруе Аляксандр Аляксееў