Раскіданае гняздо

РАСКІДАНАЕ ГНЯЗДО

Аўтар: Янка Купала
Жанр: Народная трагедыя

Рэжысёр-пастаноўшчык: заслужаны дзеяч мастацтваў РБ Аляксандр Гарцуеў

Мастак-пастаноўшчык: Ігар Анісенка

Кампазітар: Дзмітрый Фрыга

Балетмайстар: Вольга Скварцова

Прэм’ера: 6 красавіка 2013
Працягласць: 2 г. 30 хв.

«Раскіданае гняздо» – адна з вяршыняў беларускай нацыянальнай драматургіі і адно з найвышэйшых дасягненняў генія Купалы.

У цэнтры ўвагі - трагедыя звычайнай сям’і, вымушанай шукаць выйсця са складанага становішча. Ёй трэба пакінуць сваё жыллё, паколькі яно належыць іншаму чалавеку. Але гонар і асэнсаванне таго, што менавіта тут, у гэтым доме, пражыло не адно пакаленне продкаў, не дазваляюць жыхарам проста так пакінуць яго. Яны гатовыя і судзіцца, і трываць, і з сякерай устаць, каб абараніць сваё права жыць тут.

У выніку складанай унутранай барацьбы кожны ўдзельнік сямейнай драмы абірае свой пуць. Некалі вялікая сям’я, моцна звязаная кроўнымі сувязямі, распадаецца. Наперадзе непрадказальнасць, шлях у невядомае…

Рэжысёр Аляксандр Гарцуеў у сваёй пастаноўцы задаецца пытаннем: што і як змянілася праз стагоддзе ў самасвядомасці беларусаў? І атрымліваецца, што дзіўным чынам многае супадае. Мары аб лепшай долі, пошук свайго месца і шчасця ў жыцці, барацьба за маёмасць, сацыяльны мезальянс, канфлікт пакаленняў застаюцца актуальнымі праблемамі звычайных людзей ва ўсе часы.