Незнаёмы Караткевіч

Билеты
  • 27
    июня
    19:00
    Ср

Творчая сустрэча «Незнаёмы Караткевіч»

Напрыканцы першага летняга месяца адбудзецца творчая сустрэча «Незнаёмы Караткевіч». Падчас мерапрыемства дырэктар праграмы дакументальнага кіно ММКФ «Лістапад» Ірына Дзям’янава абмяркуе з удзельнікамі асобныя аспекты творчасці нашага славутага земляка.

Удзельнікі сустрэчы даведаюцца пра Караткевіча-этнографа, паглядзяць шэраг унікальных дакументальных фільмаў пра Беларусь, створаных па сцэнарыях пісьменніка.

Уладзімір Караткевіч знаёмы нам перш за ўсё як класік беларускай літаратуры, выбітны паэт, празаік і публіцыст. Малавядомай застаецца другая важная частка яго прафесійнай біяграфіі. Караткевіч таксама быў заўзятым этнографам і фалькларыстам, цікавіўся народнымі казкамі, легендамі і паданнямі, якія ён рупліва збіраў не адзін год па ўсёй Беларусі.

У 1960 – 1970-х гадах Акадэмія навук Беларусі ініцыявала шэраг этнаграфічных экспедыцый па краіне. Вынікамі гэтых падарожжаў сталі збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі, артыкулы, эсэ, даследаванні, а таксама дакументальныя кінастужкі, сцэнарыстам некаторых з iх выступіў Караткевіч.

На творчай сустрэчы «Незнаёмы Караткевіч» будуць паказаны малавядомыя шырокай аўдыторыі стужкі «Сведкі вечнасці» (1964), «Будзь шчаслівай, рака…» (1967), «Памяць каменя» (1966) і «Родная зямля» (1972), а таксама пройдзе іх абмеркаванне з удзелам даследчыкаў творчасці Уладзіміра Караткевіча.

Запрашаем далучыцца да сустрэчы і разам адкрыць незнаёмую нам Беларусь Уладзіміра Караткевіча.