Вечар (14+)

Аляксей Дудараў
рэквіем у адной дзеі
Рэжысёр Валерый Раеўскі
Сцэнаграфія і касцюмы Барыс Герлаван
Кампазітар Андрэй Зубрыч
Прэм'ера – 19 мая 2006 года
Працягласць – 1 гадзіна 30 хвілін без антракту
Найбліжэйшыя паказы
  • 17
    верасня
    19:00
    Нд
  • 01
    кастрычніка
    19:00
    Нд

Васіль, Ганна і Мікіта дажываюць свой век у забытай вёсачцы і ўжо нават не могуць дакладна падлічыць, колькі ім год. Але і ў семдзесят, і ў сто яшчэ хочацца спяваць і танчыць, браць шлюб з каханай жанчынай, бачыць у сне чыстае неба з жаўрукамі і верыць у штосьці шчырае паміж людзьмі. Гэты спектакль – падзяка за магчымасць жыць, адчуваць дабрыню і цяпло свету, нараджаць дзяцей, расціць хлеб і глядзець на сонца. Філасофскі роздум пра тое, як да апошняй хвіліны свайго жыцця заставацца чалавекам. 

Спектакль ідзе на беларускай мове. Пры жаданні для гледачоў даступны сінхронны пераклад на рускую мову. На старонцы "Афіша тэатра" Вы можаце сачыць за раскладам. Паслуга платная. Аплата ажыццяўляецца перад пачаткам спектакля.

Прэса:

чэрвень 2006

І п'еса «Вечар» назаўсёды застанецца актуальнай, бо пакуль жывуць людзі на гэтай зямлі, кожнае маладое пакаленне будзе старыцца і ўрэшце прычакае такую ж долю, якую спазналі ці не ўсе пажылыя бацькі. Спектакль — пра нашу беларускую неперспектыўную вёсачку, усе дзеці з якой паехалі, а бацькі засталіся на старым месцы. Драматурга трывожыць знікненне нацыянальных традыцый, занядбанасць вёскі і сялян, пакінутасць роднай зямлі і бацькоў, пра якіх забываюцца родныя дзеці.

Галіна Клішэўская "Літаратура і мастацтва"

«І ўсё ж сам па сабе неаднаразовы зварот да годнага драматургічнага твора, а «Вечар» Дударава многія называюць ці не лепшай п'есай аўтара, — не нагода для крытыкі. Тым больш, што для мяне асабіста за апошнія некалькі гадоў гэты спектакль стаўся ці не самым цікавым у творчасці Раеўскага — нарэшце ён не стаў «хавацца» за магутна-канцэптуальную сцэнаграфію альбо за драматургічную філасофію самога твора, а гэтаксама, як яго героі, проста «выйшаў» на засыпаную сапрэлым восеньскім лісцем сцэну і сказаў вуснамі сваіх персанажаў: «Так не хочацца паміраць!». І ўсе сацыяльна-побытавыя аспекты, так дэталёва прапісаныя ў п'есе Дударавым, уся тэма адзіноты і кінутасці старых іх дзецьмі самі сабою адышлі на апошні план і… «расталі» ў нетрах дзіўнага «жывога» і пранізліва-валошкавага неба-квадрата (сцэнаграфія Барыса Герлавана).

Таццяна Команава "Культура"
красавік 2006

(«Советская Белоруссия», красавік 2006)