25 лістапада адбыўся творчы вечар народнага артыста Віктара Манаева

26 лістапада
25 лістапада адбыўся творчы вечар народнага артыста Віктара Манаева

25 лістапада ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы прайшоў творчы вечар народнага артыста Беларусі Віктара Манаева, які ў гэтым годзе адзначыў свой 60-гадовы юбілей. У імпрэзе таксама ўдзельнічалі і іншыя выдатныя артысты Купалаўскага тэатра.

Віктар Манаеў – адзін з найлепшых беларускіх артыстаў тэатра і кіно, які распачаў свой творчы шлях у Купалаўскім тэатры ў 1980 годзе. 7 жніўня Артыст адзначыў юбілей, а 25 лістапада на творчым вечары, рэжысёрам якога выступіў Мікалай Пінігін, прагучалі цёплыя словы ад калегаў-купалаўцаў, якія падрыхтавалі для выдатнага артыста свае святочныя нумары і віншаванні. 

Адна з найбольш значных роляў у творчым лёсе артыста -- Лёнька Адуванчык у спектаклі «Радавыя», за якую ён быў уганараваны Дзяржаўнай прэміяй СССР, стаўшы самым маладым уладальнікам гэтай узнагароды. А таксама роля Мікіты Зносака ў «Тутэйшых», якая прынесла яму Дзяржаўную прэмію Беларусі ў 1992 годзе. Акрамя таго, вядомыя яго ролі: Мікіты ў спектаклі «Ажаніцца--не журыцца», Нормана ў «Касцюмеры», Яна Губача ў «Ідыліі», Кая ў «Снежнай каралеве». Плённым атрымалася супрацоўніцтва артыста з рэжысёрам Мікалаем Пінігіным, якое падаравала гледачам шмат выдатных спектакляў, а для самога Манаева -- магчымасць выступаць на адной сцэне з легендарнай Стэфаніяй Станютай у спектаклі «Гаральд і Мод».  

Зараз Віктар Манаеў бліскуча выконвае на Купалаўскай сцэне ролі Гараднічага ў спектаклі “Рэвізор”, Пранцыся Пустарэвіча ў “Паўлінцы”, станавога прыстава Кручкова ў “Пінскай шляхце”, Сорына ў “Чайке”, Эміля Фрамантэля ў “Школе падаткаплацельшчыкаў”.. . 

Дзякуй усім, хто далучыўся да віншаванняў з нагоды юбілею нашага чароўнага Віктара Сяргеевіча Манаева! Юбіляру жадаем здароўя, натхнення і здзяйснення мрояў, а мы заўжды будзем поруч, каб падтрымліваць і дапамагаць. Захапляемся і ганарымся! А фотаздымкі з учорашняга святкавання атрымаліся проста цуд, зірніце.

Галерэя: