Аўгуст Мілаванаў. Цытаты

22 ліпеня
Аўгуст Мілаванаў. Цытаты

Аўгуст Лазаравіч Мілаванаў – ня проста вялікі і любімы артыст, які стварыў непаўторныя запамінальныя вобразы, а яшчэ і надзвычай адукаваны, разумны, годны чалавек. Асоба! Для старэйшага пакалення гледачоў – Мілаванаў – цэлая тэатральная эпоха! Для маладзейшых засталіся хрэстаматыйныя спектаклі і ролі, па якіх можна вывучаць тэатральнае мастацтва Беларусі. 45 гадоў праслужыў Аўгуст Лазаравіч у Купалаўскім тэатры. І па ягоных словах ніколі не меў жадання перайсці ў іншы тэатр. Купалаўскі быў ягоным домам, ягоным жыццём.

Пачуем самога Мілаванава:

“Інтуіцыя – тое самае, што і натхненне. Але натхненне прыходзіць да тых, хто працуе. Да гультаёў назвычай рэдка”

“На сцэне павінны быць гарэзлівы настрой, нават у трагедыі. Гэта тое, з чаго нараджаецца сапраўднае імправізацыя, без якой немагчыма ўявіць спектакля-з’явы... Гарэзлівасць, кураж, радасць для мяне вызначальныя”.

“Маштаб асобы на сцэне – гэта маштаб сыгранай ролі. Паняцці гэтыя амаль заўсёды тоесныя”.

“Я не лічу, што трэба спецыяльна нешта запамінаць, занатоўваць, весці дзённікі. Проста ты жывеш, ходзіш па вуліцах, табе бывае смешна ці роспачна. А потым нешта раптоўна спрацоўвае, і ты згадваеш пэўнага чалавека. Аказваецца, у табе засталося, як ён глядзеў на цябе, як размаўляў...”.

“У мастацтве ўсё павінна быць радасным, светлым, асабліва на першых рэпетыцыях, калі яшчэ не ведам, што атрымаецца”.

“Галівудскія акцёры – дзеці ў параўнанні з нашымі. Стрэлы, ложкі, пагоні – усё гэта жартачкі супраць таго, што мы іграем на сцэне..”

“Акцёр павінен мець уласны погляд і ўласны свет. І разумець, што адбываецца навокал. У яго павінен быць боль, бо за абыякавасцю сёння надзвычай лёгка схавацца”.

“Я ўсё глыбей усведамляю, што Дзесяць запаветаў – гэта і ёсць галоўнае. Нічога лепшага пакуль не прыдумалі...”.

 

Светлая памяць вялікаму Артысту!