Мастак Андрэй Жыгур пра працу над спектаклем "Ураджай"

21 студзеня
Мастак Андрэй Жыгур пра працу над спектаклем "Ураджай"

Мастак Андрэй Жыгур распавёў пра беларускую драматургію, эмацыйны эфект ад п'ес Пражко, абгрунтаванасць тэхналагічных рашэнняў ў сучасных спектаклях і сапраўднасць яблыкаў на сцэне.


- На Вашую думку, у чым спецыфіка сучаснай беларускай драматургіі?


Мне падабаецца, што сучасныя драматургі смела, незавуалявана разглядаюць актуальныя праблемы, звяртаючыся да дакументальнага вектара, хоць і выкарыстоўваюць пры гэтым мастацкія сродкі. У мяне не было ніякіх сумненняў у актуальнасці п'есы "Ураджай", таму што ў гэтым сюжэце я бачу канкрэтныя жыццёвыя адпаведнікі. І менавіта прыхільнасць да цяперашняга моманту, на мой погляд, і робіць беларускую сучасную драматургію вельмі запатрабаванай. І самае цікавае, яна запатрабаваная не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі і ў замежжы. У Маскве шмат гавораць пра беларускіх сучасных аўтараў. Вельмі прыемна калі на лекцыях і майстар-класах мэтраў рускага і сусветнага тэатра абмяркоўваюць беларускую драматургію на ўзроўні, напрыклад, з МакДонахам. Культуру асобнай краіны рухаюць канкрэтныя асобы. Зараз мы бачым як яскрава у гэтым удзельнічаюць сучасныя беларускія драматургі.

- Як Вы ставіцеся да мовы Пражко, яго манеры падачы ідэі?

Калі я чытаў п'есу, яна мяне раз’юшыла ў літаральным сэнсе. Яна трымала мяне ў стане напружання, быццам на іголках, а я гэта вельмі люблю ў любых мастацкіх творах. Гэта выклікае такую яркую эмацыйную рэакцыю, не абавязкова станоўчую, бо раздражненне, страх або гнеў – гэта ўсё таксама эмоцыі, адчуванне якіх выклікае да аналізу. Выключна сюжэтнае напаўненне, як бывае ў некаторых п'есах, не прымушае цябе нейкім чынам адрэагаваць на яе пасля чытання. Пасля п'есы Паула Пражко не адзін дзень хадзіў і здзіўленна пракручваў яе ў сябе ў галаве. Я думаю, што эмацыйная рэакцыя гэта адзін з важных фактараў добрай драматургіі. 

- Чаму Вы абралі мінімалістычны падыход для візуальнага напаўнення спектакля? Гэта было Ваша сумеснае з рэжысёрам рашэнне? Чаму на сцэне мы бачым простыя яблыкі, скрыні і вельмі ўмоўнае дрэва? На чым Вы збіраецеся рабіць акцэнты? 

Мне здаецца, што справа не ў колькасці прадметаў і аб'ектаў на сцэне, а ў іх сімвалічным значэнні. Цягам рэпетыцый мы крыху перанеслі акцэнты ў тэксце, таму першапачатковы варыянт дэкарацый падаўся нам неадпаведным. І канчатковы макет мы зрабілі ўжо цягам рэпетыцый – так таксама бывае. 
Гэтая п'еса досыць складаная для працы мастака: яна вельмі метафарычная, і, калі метафара аўтара накладваецца на метафару мастака, атрымліваецца каша. 
Калі ў класічных п'есах вельмі лёгка памяняць месца або час дзеяння, то ў сучасных беларускіх п'есах, у Пражко ў прыватнасці, складана нешта прыбраць або змяніць, такім чынам мяняецца кантэкст, атмасфера і сэнсы. Тут перад мастаком не ставіцца задача адаптаваць прастору, знайсці новыя сэнсы ці нешта падкрэсліць. Наадварот, трэба канкрэтна візуалізаваць тое, што ўжо зрабіў аўтар. 
А наконт мінімалістычнасці – гэта ж Камерная сцэна, на мой погляд, яна, у адрозненні ад галоўнай, не патрабуе нейкіх складаных дэкарацый увогуле.

IMG_6805.jpg


- Мы ведаем, што яблыкі не сапраўдныя. Але калі б да Вас падышоў глядач, які не бачыў пастаноўкі, і спытаў "а яблыкі сапраўднымі будуць?", што б Вы адказалі? І наколькі даўгавечны матэрыял, з якіх яны зроблены?

Гэта было сур'ёзнае вытворчае пытанне. Мала было зрабіць іх трывалымі, неабходна было зрабіць іх максімальна праўдападобнымі па фактуры. На мой погляд, усё атрымалася. Тэатральную ўмоўнасць пакуль што ніхто не адмяняў, я думаю, гэта было б вельмі складана для кожнага спектакля купляць па 100 кілаграм яблыкаў. Пытанняў па іх утылізацыі, вядома, не з’явілася б, але гэта было б досыць дзіўна.

- Наколькі цяперашнія спектаклі патрабуюць сучасных мастацкіх рашэнняў (відэапраекцыі, тэхналогіі і г.д.). Ці заўсёды гэта абавязкова? 

Гэта дазваляе спрасціць працэс. Ёсць меркаванне, што апошнім часам тэхналогіям у тэатры надаецца занадта шмат увагі. Калі гэта праекцыя дзеля голага эфекту, гэта сумна. А калі тэхналогія мае ролю выразнага сродку, які дазваляе раскрыць тэму, то чаму б і не. Іншае пытанне, што ёсць такая небяспечная тэндэнцыя, калі многія пачынаюць выкарыстоўваць гэтыя тэхналогіі, але, на жаль, не маюць добрага абсталявання, каб рэалізаваць гэта якасна. У Купалаўскім тэатры сітуацыя прасцейшая, тут абсталяванне дазваляе з гэтым працаваць.

- Але ў пастаноўцы “Ураджай” Вы ўсё ж не карыстаецеся тэхналагічнымі рашэннямі... 

Мне падалося, што у нашым спектаклі яны не патрэбныя...

IMG_6823.jpg


- Што новага Вы атрымалі ад працы над гэтай п'есай?

Вельмі цікавы досвед працы з рэжысёрам. Мы з ім пазнаёміліся фактычна перад пачаткам працы над гэтай пастаноўкай. Для мяне ў прынцыпе адно з самых сур’ёзных пытанняў: як знайсці форму супрацоўніцтва з рэжысёрам, як прыйсці да нейкага паразумення так, каб мастаку не ствараць карцінку асобна і рэжысёру не працаваць адасоблена. Дзмітрый досыць рухомы рэжысёр, адкрыты да ідэй, але свой вектар ён трымае і не дазваляе яго кудысьці кардынальна змяніць, аднак і не дыктатар таксама. Хутчэй менавіта супольная частка працы была мне цікавая, бо дэкарацыі і касцюмы ў гэтым спектаклі досыць простыя.
 
- Гэта п'еса пра сучасную моладзь ?

Не хачу з гэтым пагаджацца. На сюжетным узроўні - так. Аднак мне падаецца, што персанажамі маглі б быць людзі іншага ўзросту і істотна сэнс пастаноўкі не змяніўся б. Праблема канфлікту пакаленняў ў дадзеным выпадку не разглядаецца – у спектакля няма задачы супрацьпаставіць людзей розных узростаў, сказаць, што нешта лепшае, ці горшае. Гэта дакладна пра сучаснае... На месцы герояў п'есы маглі б быць і сталыя людзі, толькі з іншымі паводзіннымі штампамі, і яны б зрабілі нешта вельмі падобнае. Мяркую гэта п’еса звяртаецца да, на жаль, вельмі знаёмай сучаснай сітуацыі, без прывязкі да ўзроставых пытанняў.

IMG_6814.jpg