Арнольду Памазану – 75. Віншуем!

14 чэрвеня

Народны артыст Беларусі Арнольд Памазан святкуе 75-гадовы юбілей. Дата такая, што мімаволі задумваешся ці ўзгадваеш пра розныя рэчы.




Пра тое, адкуль вылятаюць арлы

 Неяк я запытаўся ў мамы, чаму яна назвала мяне Арнольдам (ад ням. arn — арол, wald — улада, сіла). Аказваецца, Шварцэнэгер тут ні пры чым. Калі яна была цяжарная, яе вельмі ўразіла кніга пра вайну, у якой гаварылася пра каханне немца Арнольда і габрэйкі Эльвіры. Мама вырашыла, што калі народзіцца дзяўчынка, будзе Эльвіра, а калі хлопчык – Арнольд. Нарадзіўся я. У Камсамольску-на-Амуры. Вельмі ўдзячны сваім бацькам, што яны не пабаяліся і паехалі будаваць гэты горад. Потым мы жылі ў Омску, Томску, пакуль тату не накіравалі зноў на Украіну. У школу я ўжо пайшоў у сяле Дубляны Львоўскай вобласці.

Пра малекулы шчасця

Kалі я быў маленькі, мы пайшлі з мамай на базар. Сустрэлі там нейкага п’янага дзядзьку, які боўтаўся-круціўся і казаў: “Дзе мая рука? Дзе мая нага?” Калі прыйшлі дадому, я стаў паўтараць тое самае. Такімі былі мае першыя тэатральныя крокі. Потым у школе настаўніца па літаратуры паклікала ўсіх у драмгурток. Мне далі ролю Сяргея Цюленіна ў “Маладой гвардыі”. Пасля апладысментаў я адчуў, як у мяне трапілі малекулы шчасця, і я стаў імкнуцца да гэтага зноў і зноў.



Пра выбар 

Я сам вучыўся граць на гармоніку. Слухаў пласцінкі і спрабаваў падабраць такую ж мелодыю на інструменце. Калі бацькі пыталіся, куды збіраюся пайсці пасля школы, у мяне было два варыянты: музычны ці тэатральны. Але тата з мамай лічылі, што трэба атрымаць сур’ёзную прафесію. Мама хацела, каб я стаў хірургам, таму што ў мяне даўгія пальцы. Пайшоў паступаць у медыцынскі інстытут: “Спортам займаешся, разрады ёсць?” А ў мяне трэці па плаванню і другі па спартыўнай гімнастыцы. “Тады табе не хапае толькі дзесяці тысяч рублёў”. Экзамены я заваліў – прыйшоў раздратаваны з-за намёку на хабар, непадрыхтаваны. Бацька прапанаваў ісці ў горны інстытут. Там таксама не атрымалася, але экзамены ўжо паўсюль скончыліся. Куды ісці? Убачыў аб’яву пра набор у тэхнічнае вучылішча №10 у Львове. Конкурс па атэстатах. Прыём у кастрычніку. Паступіў на памочніка машыніста. 

Пра паравозы 

Спачатку мая мамка пастаянна прыязджала мяне правяраць. Неяк папрасіла майстра: “Пакажыце мне працу майго сына!” А мы рабілі малаткі, напільнікі, нажоўкі. Майстар разгубіўся, даў ёй першы малаток, што трапіўся пад руку. “Дайце мне штангенцыркуль,” – мама стала мерыць, ці вытрыманыя ўсе параметры. Сказала, што паставіла б мне чацвёрку з мінусам за такі малаток. Потым я скончыў вучобу і стаў ездзіць на прыгожых пасажырскіх цягніках, першы час працаваў не толькі памочнікам машыніста, але і качагарам. Так я і катаўся, пакуль не зарабіў сабе язву. Мяне перавялі ў токары. У гэты час я даведаўся, што ідзе набор у львоўскую тэатральную студыю пры тэатры імя Марыі Занькавецкай. Усе мае мары зноў ускалыхнуліся. Мяне ўзялі. Я там спяваў, танчыў, граў трохі, пакуль мяне не выклікаў дырэктар: “Дзе ты нарадзіўся, туды і едзь!”



Пра плюсы і мінусы сямейнага становішча 

А я толькі ажаніўся. Праўда, жонка ў Данецку жыла. Мы пазнаёміліся, калі я там на гастролях быў. Пераехаў да яе. Спрабаваўся ў розныя тэатры, але з-за сямейнага становішча мяне не бралі. Неяк у данецкім тэатры захварэў артыст, мяне часова ўзялі замест яго. Потым ён вярнуўся, а мне казалі, што месца няма. Прыехаў пацан ніжэй за мяне ростам з Кіеўскага інстытута тэатра, кіно і тэлебачання імя І. Карпенкі-Карага. Мяне гэта закранула, і я вырашыў ехаць у Маскву паступаць у ГІТІС. Дайшоў там да трэцяга тура, аддаў дакументы. Мне падсказалі, што ні ў якім разе нельга казаць, што займаўся ў студыі – выкладчыкам патрэбна гліна, з якой можна ляпіць што заўгодна. А жонка мая яшчэ мне ўслед даслала характарыстыку з Львоўскай студыі. Хацела як лепш. Мяне развярнулі. Я так раззлаваўся! Усе дзесьці вучыліся да інстытута, гралі. Пайшоў у Міністэрства культуры СССР да Кацярыны Фурцавай. Канечне, на вахце мяне не пусцілі нікуды. Праходзіў міма мужчына: “Прапусціце”. Аказалася, Нікіфар Васілевіч, інспектар па вузах Масквы. Пазваніў у Мінск, даведаўся, што там ёсць месцы. Сказаў, калі траплю да Маланкіна ці Арлова, яны з мяне чалавека зробяць. А гэта мой апошні шанец, таму што пакуль я з паравозамі вазіўся, мне ўжо 24 гады споўнілася. На акцёрскі бралі толькі да 25. 

Пра апошні шанец 

У Мінску прайшоў да трэцяга тура. Сцэна. Поўная зала студэнтаў, якія прыйшлі паглядзець, як паступаюць абітурыенты. Дзмітрый Аляксеевіч пытаецца ў аднаго сялянскага хлопца: “Вы еўрапейскія танцы танцуеце? Разумею, вам цяжка”. Звяртаецца да нас: “Можа, хтосьці дапаможа сабрату па мастацтву?” Усе сядзяць на месцах, дрыжаць. Цягну руку. Я на танцы бегаў у Львове ў вольны ад паравозаў час, мы тады ўсе там стыляжнічалі. Перад сцэнай за фартэпіяна сядзела жанчына сталая, падышоў да яе: “Маэстра, чарльстон!” Мы сталі танчыць. Зала смяецца – хлопец з хлопцам. Потым мяне ўсе віншавалі, казалі, як крута было. Сталі выстаўляць адзнакі – усім 4, 5, а Памазану – 2. Сустрэў у калідоры аднаго выкладчыка: “Вы паводзілі сябе як выскачка, а Арлоў такіх не любіць”. На наступны дзень прасіўся, каб мяне ўзялі хаця б без інтэрната і стыпендыі. Мяне ўзялі вольным слухачом на курс Качаткова Рыгора Аляксеевіча. Праз год залічылі студэнтам. 

Пра першыя гады ў Купалаўскім 

У тэатр нас з Валодзем Макаравым запрасіў Барыс Эрын. На пробах мы паказвалі “Мешчаніна ў шляхецтве” на французскай мове. Граў слугу Каўеля. Самая першая роля ў Купалаўскім – немец у “Канстанціне Заслонавым”. Калі ў зале сядзелі дзеці, даводзілася ўвесь час каску ссоўваць, каб у вочы нічога не трапіла – яны кідалі ў нас дроцікі, бо не любілі немцаў і верылі, што мы сапраўдныя фашысты. Калі паступіў у тэатр, то і жыў тут. Зараз ужо і няма таго пакойчыку на першым паверсе. Потым перавёз жонку з Данецку, нам далі інтэрнат. Пажылі трохі разам, але яна з’ехала разам з дзіцём і сабакам. Зараз яны ў Мадрыдзе жывуць. Калі ездзілі туды на гастролі з “Вяселллем”, запрашаў іх на спектакль.



Пра тое, ад чаго кайфуе 

Быкоўскі – гэта Быкоўскі. Асобная гісторыя. Усё такі тысячу разоў выходзіў на сцэну ў гэтай ролі. Больш мне падабаўся спектакль “Парог” па п’есе Дударава, дзе граў Буслая. І драма, і камедыя, і трагедыя – столькі можна было ў гэтай ролі рабіць, што душа радавалася. У мяне вельмі цяжка ішла роля Бадзёрына ў спектаклі “Плач перапёлкі”. Мне трэба было сыграць старога бухгалтара. Акуляры надзеў. Бародку зрабіў. Усё адно не выходзіць! Плечы не старэчыя. Бачу я сон, што прыходжу да сябе ў грымёрную, апранаю касцюм, але разам з трэмпелем. Атрымаліся старэчыя плечы. Я абалдзеў! Прыйшоў на рэпетыцыю, зрабіў усё так жа – і роль стала на месца. Вось як падсвядомасць працуе, калі чалавек моцна заквашвае сябе. Ні ад чаго не адмаўляюся, заўжды кажу дзякуй за любыя ролі. “Ідылія”, “Там і тут”, “Тутэйшыя” – тады ў нас мацней былі спектаклі, чым зараз. Хаця цяпер мы пачынаем зноў крыху падымацца. “Пана Тадэвуша” паставілі. Наш тэатр вельмі добры. Кайфую, што працую ў Купалаўскім, адчуваю сябе на сваім месцы.



Пра любоў да прыроды… 

Кожную раніцу трэба выйсці паветрам падыхаць. Вось у парку Янкі Купалы заўжды і гуляю. Знаёмыя смяюцца, што мяне там вавёркі ўжо ведаюць. Кармлю іх з рук. Нядаўна яшчэ качку падкармліваў. Трэба любіць прыроду. Раней па парку і на ровары яшчэ ездзіў, маржаваў, а цяпер урачы кажуць, што усё гэта нельга мне рабіць пасля аперацыі на сэрцы. 

 …і да жонкі 

З жонкай жывем ужо 35 год. Яна сацыёлаг у мяне. Кандыдат філасофскіх навук. Нас сяброўка пазнаёміла. Яна з разуменнем ставіцца да маёй працы. Часам нават дапамагае ў ролі разбірацца, тэкст вучыць. Яна ж сацыёлаг у мяне – усё ведае.

Пра тое, што хочацца сказаць 

Цютчава хачу зараз пачытаць. 

Когда дряхлеющие силы 
Нам начинают изменять 
И мы должны, как старожилы, 
Пришельцам новым место дать, — 
Спаси тогда нас, добрый гений, 
От малодушных укоризн, 
От клеветы, от озлоблений 
На изменяющую жизнь; 
От чувства затаенной злости 
На обновляющийся мир, 
Где новые садятся гости 
За уготованный им пир;

Галерэя:

Відэа:

Народнаму артысту Арнольду Памазану - 75!
Загрузка плеера