"Дон Жуан". Мастак Валянціна Праўдзіна

18 сакавіка
"Дон Жуан". Мастак Валянціна Праўдзіна

У Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы хутка адбудзецца прэм’ера спектакля “Дон Жуан” па п’есе Жана-Батыста Мальера. У чым артысты выйдуць на сцэну, расказала мастак Валянціна Праўдзіна.



– Касцюмы ў спектаклі негістарычныя, таму што характары персанажаў праведзеныя па-за часам. Такую задачу паставіў рэжысёр. Натуральна, калі я пачала працаваць над спектаклем, вывучала эпоху Мальера, каб адчуць стылістыку таго часу. Гэтым і цікавая праца мастака, калі ты не проста сядзіш і малюеш, а напітываешся чымсьці новым. І хаця касцюмы не маюць пэўнай гістарычнай прывязкі, у кожным з іх можна знайсці якую-небудзь дэталь-намёк на XVII стагоддзе – валан на сукенцы ці доўгія пальчаткі. Колеравая гамма ў нас сціплая – кантраст чырвонага-чорнага, белы і адценні шэрага і бежавага. Гэта абумоўлена сцэнаграфіяй Аляксея Парай-Кошыца.

– Дон Жуан – гэта яркі неардынарны чалавек. Ён шчыры ў адрозненне ад іншых герояў, якія настойваюць, каб ён пачаў весці прыстойнае жыццё, адумаўся, а насамрэч толькі прыкідваюцца харошымі і хочуць быць такім ж, як Дон Жуан. Гэта мужчына, які ўмее падаць сябе, абаяць і раскрыць жанчыну. Напрыклад, вобразы сялянак вырашаюцца ў спектаклі не столькі праз касцюмы, колькі праз іх унутраны свет, які адкрывае Дон Жуан. Нават у страшненькай з першага погляду дзяўчыне, ён бачыць прыгажуню. Яна гэта адчувае, здымае фартух, чапляе ружы ў валасы, і мы бачым, як у ёй прачынаецца жанчына.

Галерэя: