Другі Моладзевы тэатральны форум у Мінску

28 кастрычніка
Другі Моладзевы тэатральны форум у Мінску
Другі Моладзевы тэатральны форум краін Садружнасці, Балтыі і Грузіі адбудзецца ў Мінску 19-26 лістапада. Беларускія гледачы ўбачаць каля дзясятка пастановак з Азербайджана, Арменіі, Грузіі, Казахстана, Кыргызстана, Латвіі, Літвы, Малдовы, Расіі, Таджыкістана, Украіны, Узбекістана, Эстоніі. Купалаўская сцэна прымае некалькі з іх.

Першы Моладзевы форум адбыўся 6-13 чэрвеня 2012 годзе ў Кішынёве і быў закліканы сабраць пад адным дахам маладое пакаленне тэатральных рэжысёраў, мастакоў, драматургаў і крытыкаў з краін СНД, Балтыі і Грузіі, якія ўпершыню за 20 год з моманту атрымання незалежнасці гэтых краін маглі не толькі пабачыць і ацаніць вынікі працы сваіх калег, але таксама знайсці магчымасць для далейшага прафесійнага супрацоўніцтва. Менавіта купалаўцы прадставілі там Беларусь са спектаклем “Офіс” Кацярыны Аверкавай і атрымалі Гран-пры, пасля чего былі запрошаныя да ўдзелу ў Міжнародным тэатральным фестывалі імя А.П.Чэхава ў Маскве і Міжнародным тэатральным фестывалі ў Тбілісі 2013 года.

 

Сёлета Беларусь прадставіць Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр са спектаклем “Чэхаў. Камедыя. Чайка” ў пастаноўцы Іскандэра Сакаева і Магілёўскі абласны тэатр лялек з “Гамлетам” у пастаноўцы Ігара Казакова. 

Гледачы пазнаёмяцца не толькі з працамі маладых рэжысёраў, але і мастакоў – на выставе ў галерэйнай прасторы тэатра беларускай драматургіі. Лепшыя п’есы маладых драматургаў апублікаваныя ў спецыяльным зборніку. Сярод беларускіх аўтараў – Дзмітрый Багаслаўскі (“Внешние побочные”), Андрэй Іваноў (“Это всё она”) і Віктар Красоўскі (“Эшелон № 0” у суаўтарстве з украінкай Ірынай Гарэц).

Арганізатарамі форуму выступілі: Міжнародная канфедэрацыя тэатральных саюзаў, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт і Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі пры падтрымцы Міждзяржаўнага фонда гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў-удзельніц СНД.

 

Квіткі на спектаклі Форуму каштуюць ад 40 да 150 тысяч рублёў. Набыць іх можна ў касах тэатраў горада ці праз Інтэрнэт па наступных спасылках: 

19 лістапада ЧЭХАЎ. КАМЕДЫЯ. ЧАЙКА (Беларусь)

19 лістапада БОСКАЯ ГУЛЬНЯ (Азербайджан)

20 лістапада ТРАМВАЙ “ЖАДАННЕ” (Казахстан)

20 лістапада ЧЫСТЫ РОЗУМ\УКУСІ МЯНЕ (Эстонія)

21 лістапада СМАК МЁДУ (Арменія)

21 лістапада ЮНАЦТВА МУШФІКІ (Таджыкістан)

22 лістапада ЛЮБОЎ ЛЮДЗЕЙ (Украіна)

22 лістапада ГАМЛЕТ (Беларусь)

23 лістапада У КРАІНЕ, ДЗЕ ЎЗЫХОДЗІЦЬ СОНЦА (Узбекістан)

23 лістапда ІНДРАНЫ (Латвія)

24 лістапада ДЗЕЦІ ГОЛАДУ. СВЕДЧАННІ (Малдова)

24 лістапада КАЛІГУЛА (Літва)

25 лістапада ЖАНЧЫНЫ ТРОІ (Грузія)

25 лістапада ВОБЛАКА-РАЙ (Расія)

26 лістапада ТЭАТРАЛЬНЫ САЎНД (Закрыццё)