У Галіны Талкачовай юбілей

03 сакавіка
У Галіны Талкачовай юбілей

Сёння народная артыстка Беларусі, актрыса Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Галіна Талкачова святкуе юбілей. Шмат цікавага можна даведацца пра яе, адматаўшы “стужку” памяці на восемдзесят год назад.

Першая праца Галіны Сямёнаўны – прыбіраць у хаце беларуса-паліцая ў акупіраваным Мінску. Першыя паходы ў тэатр – з бабуляй, якая такім чынам заахвочвала ўнучку добра сябе паводзіць. Першыя ролі – у драмкружку Палаца піянераў у Растове ў спектаклях “Хіжына дзядзькі Тома” і “Два капітаны”. Першы тэатральны настаўнік – народны артыст БССР Канстанцін Саннікаў. Першы тэатр, дзе атрымала працу, – Купалаўскі. Месца , дзе сустрэлася з мужам – народным артыстам Беларусі Аўгустам Мілаваным, з якім хутка адсвяткуе “залатое” вяселле – Купалаўскі. Тэатр, якому прысвяціла 57 год плённы працы – Купалаўскі.

Віншуем Вас з народзінамі, Галіна Сямёнаўна! Зычым здароўя і дабрыні і цеплыні ад людзей, што побач з Вамі!

Купалаўцы


“На дне” М. Горкага. Насця

“Нягледзячы на тое, што па сваім характары Галіна Талкачова ніколі не прэтэндавала на ролю “прымы” ў тэатры, амаль кожная яе роля не заставалася незаўважанай. Крытыкі заўсёды адзначалі паглыблены псіхалагізм актрысы, дакладную нюансіроўку вобразаў і, разам з тым, яркую знешнюю выразнасць малюнка ролі. Скульптурна акрэсленыя, правільныя і высакародныя рысы твару, глыбокія вочы-віры… Знешнасць актрысы, надзвычай эфектная і выразная, дазваляла Галіне Талкачовай іграць і сваіх сучасніц, надзяляючы “простых” дзяўчын душэўнай глыбінёй і высакароднасцю, і гераінь класічнага рэпертуару, з’ядноўваючы ў адно дакладнае адчуванне характараў сваіх персанажаў і тую эпоху, прадстаўніцамі якой яны з’яўляліся”.

“Рэдкая чалавечая і акцёрская індывідуальнасць Талкачовай заўжды акрэслівае мяжу, якая робіць яе асобай загадкавай і недаступнай. Большасць савецікх ды і цяперашніх актрыс выхаваныя вуліцай, кухоннымі размовамі і маскультурай. Ім зручна ў сучасных п’есах, дзе паказаны побыт. Калі б Талкачова была жонкай паспяховага рэжысёра, ён браў бы яе для пастаноўкі п’есы Метэрлінка, Ібсена, Дзюрэнмата, Ануя, Шоу і даваў бы галоўныя ролі ёй. Яна здольная граць каралеў, герцагінь, шляхцянак, тонкую костку і галубую кроў. У сённяшніх тэатрах такіх актрыс няма”.

“Я ведаю, што Галіна Талкачова жыве, адчуваючы і няўпэўненасць у сабе, марыць, чакае, крыўдуе, злуецца – і ўсё звязана з тэатрам. Няўтольная прага ведаць больш, чытаць больш, бачыць больш! Дні і гады, напоўненыя працай і роздумам, назапашваннем духоўнага скарбу, напоўненыя прагай – аддаць гэты скарб любімаму назаўжды тэатру – купалаўскаму”.