У Зінаіды Пятроўны Зубковай – ЮБІЛЕЙ!

03 лістапада
У Зінаіды Пятроўны Зубковай – ЮБІЛЕЙ!

Шчыра віншуем таленавітую Актрысу!


Стыльная, пластычная, выкшталцоная, а таксама мудрая, далікатная, пяшчотная, цікаўная да жыцця – усе гэтыя эпітэты пасуюць да вобраза народнай артысткі Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Зінаіды Зубковай.

За амаль 60 гадоў працы ў Купалаўскім тэатры, артыстка стварыла цэлую галерэю непаўторных вобразаў у спектаклях паводле п’ес беларускіх і замежных драматургаў: Соня (“Лявоніха на арбіце”), Зіна (“Трыбунал”) -- А. Макаёнка, Мануэла (“Напісанае застаецца” А. Петрашкевіча), Зіна Зёлкіна (“Хто смяецца апошнім” К. Крапівы), Варвара (“Страсці па Аўдзею” У. Бутрамеева), Уршуля (“Ідылія” В. Дуніна-Марцінкевіча), Дзіяна (“Канец – справе вянец” У. Шэкспіра), Мэры (“Гаральд і Мод” К. Хігінса, Ж.-К. Кар'ера), Варажэя (ў містэрыі “Сымон-музыка” Якуба Коласа), цётка Івоны (“Івона, прынцэса Бургундская” В. Гамбровіча), балерына Нястранская (“Лістапад. Андэрсен” паводле казак Г.Х. Андрэсена), Маці Менахема (“Памінальная малітва” Шолам-Алейхема), Дашанька ў спектаклі “Вяселле” А.Чэхава... Вельмі складаны і тонкі вобраз нявесты ў гэтым спектаклі быў створаны Зінаідай Зубковай з незвычайнай дакладнасцю. Спектакль пабываў на многіх тэатральных фестывалях, а таксама на гастролях у Кітаі. Зінаіда Пятроўна з хваляваннем і радасцю ляцела ў Пекін і была ўзрушаная ўвагай кітайскіх гледачоў. А таксама краявідамі гэтай найстаражытнейшай краіны і багаццем яе культуры.  

Адна з апошніх па часе і важных роляў у творчым лёсе Зінаіды Зубковай – роль немкі Эльзы ў спектаклі “Зямля Эльзы” (паводле п’есы Я.Пуліновіч у пастаноўцы Алены Ганум). Спектакль ідзе на невялікай Камернай сцэне тэатра, а ўмяшчае ў сябе агромністы свет двух людзей – так неабходных адно аднаму. Увага і гарачая прыхільнасць гледачоў да новага спектакля -- несумненная заслуга рэжысёра і купалаўскіх артыстаў. Кранальная, нязломная, адкрытая да святла Эльза ў выкананні Зінаіды Зубковай – творчы поспех выдатнай актрысы!

 

З Днём нараджэння, спадарыня Зінаіда!

 

Галерэя: