Хутка канцэрт гурта S°unduk

09 чэрвеня
Хутка канцэрт гурта S°unduk

На сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы 13 чэрвеня адбудзецца канцэрт гурту S°unduk. S°unduk – музычны праект, які сабраў музыкаў з былога калектыву “Дзецідзяцей” і новых выканаўцаў. Цяпер гэта актрыса тэатра Ганна Хітрык, артыст аркестра тэатра Андрэй Сапоненка, віяланчэлістка Юлія Глушыцкая, бас-гітарыст Павел Чымбаевіч і гітарыст Ягор Дзыгун. Упершыню сваю беларускамоўную праграму музыкі прадставілі публіцы 14 красавіка. У выступе была задзейнічана мастак па пяску Наста Шастак.

- Мы вырашылі паўтарыць праграму таму, што ў красавіку ў многіх не атрымалася трапіць на канцэрт: білеты разышліся вельмі хутка, – тлумачыць Ганна Хітрык. – Гэта вельмі прыемна, але было б добра, калі б усе нашыя прыхільнікі пабачылі гэты выступ. Да таго ж, у першы раз мы паказалі далёка не ўсё, што планавалі, – у асноўным з-за тэхнічных непаладак. Спадзяемся, што ў гэты раз усё атрымаецца так, як трэба. Можна сказаць, што зараз мы занятыя ў асноўным удасканальваннем выступу. Але магчыма, што падчас гэтага канцэрта мы прэзентуем некалькі новых песень.