"Я прачытаў кнігу Баршчэўскага як прадказанне будучыні": інтэрв'ю з драматургам Сяргеем Кавалёвым

25 ліпеня
"Я прачытаў кнігу Баршчэўскага  як прадказанне будучыні": інтэрв'ю з драматургам Сяргеем Кавалёвым

Як Вы паставіліся да прапановы інсцэніраваць твор Яна Баршчэўскага? Чым ён Вас захапіў?

— Сёння кожны школьнік ведае гэты твор – “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях” Яна Баршчэўскага, беларускага класіка. Але не ўсе ведаюць, што гэты твор быў напісаны ў ХІХ ст. па-польску і мы чытаем пераклад, зроблены Міколам Хаўстовічам. Яшчэ ў пачатку ХХ ст. былі перакладзены і апублікаваны асобныя навэлы, кнігу Баршчэўскага марылі перакласці Янка Брыль, Уладзімір Караткевіч і, нарэшце, пераклаў у 1989 годзе мой аднакурснік Мікола Хаўстовіч, які потым напісаў пра Баршчэўскага шэраг навуковых даследаванняў. За апошнія трыццаць гадоў Ян Баршчэўскі з нікому невядомага пісьменніка фактычна стаў класікам. Вобразы шляхціца Завальні, Белай Сарокі, Чарнакніжніка сёння сталі разпазнавальнымі, знакавымі для беларускай культуры і таму, напэўна, ёсць глядацкая цікавасць да спектакля, да твора, да асобы аўтара. Звяртаючыся ў сваёй драматургічнай творчасці да помнікаў нацыянальнай літаратуры (“Трышчан ды Іжота”, “Авантуры майго жыцця” Саламеі Пільштыновай, “Тарас на Парнасе” і інш.), я не мог абмінуць “Шляхціца Завальню” і некалькі разоў выкарыстоўваў матывы Баршчэўскага ў сваіх п’есах (“Звар’яцелы Альберт”, “Чарнакніжнік”). Таму, калі мастацкі кіраўнік Купалаўскага тэатра Мікалай Пінігін і загадчыца літаратурнай часткі Вольга Бабкова прапанавалі мне напісаць інсцэніроўку, пры чым за некалькі месяцаў, я адразу згадзіўся, бо ў душы быў да гэтага падрыхтаваны. Даўно хацелася напісаць п’есу паводле “Шляхціца Завальні...” для Вялікай сцэны Купалаўскага тэатра.

Як Вы перапрацоўвалі матэрыял?

— Матэрыял перапрацоўваўся вельмі лёгка, таму што канцэпцыя п’есы склалася даўно. Кніга Яна Баршчэўскага ўяўляе сабой шэраг самастойных апавяданняў-гісторый, аб’яднаных постацямі слухачоў – шляхціца Завальні і ягонага пляменніка Яна. Распавядаюць гісторыі выпадковыя госці і суседзі пана Завальні. Гэткая беларуская “Тысяча і адна ноч, або казкі Шахерызады”. Мне хацелася зрабіць Завальню і Яна не толькі слухачамі, але і ўдзельнікамі гісторыі, аб’яднаўшы ў ёй некалькі сюжэтаў і матываў “Шляхціца Завальні”. Так вобраз Альберта Мурагоўскага з’яўляецца кантамінацыяй вобразаў легкадумных паноў і панічоў з апавяданняў Баршчэўскага,  вобраз бажавольнага Францішка – кантамінацыяй вобразаў  сляпога Францішка, рыбака Родзькі і цыгана Базыля, вобраз Шэльмера – кантамінацыяй цэлага шэрагу вобразаў чарнакніжнікаў і варажбітоў,  што з’яўляюцца ў 5-6 навелах Баршчэўскага. Вельмі важны для задумы п’есы быў вобраз пані Амеліі Мурагоўскай, якая піша гатычныя раманы і ў якую з юнацтва закаханы Ян.  Гэты рамантычна-летуценны вобраз аб’яднаў у сабе рысы некалькіх гераінь з апавяданняў “Шляхціца Завальні...”, вобраз сяброўкі-карэспандэнткі Яна Баршчэўскага Юліі Корсак і вобразы дзвух тагачасных пісьменніц: Ганны Радзівіл з Мастоўскіх (гатычныя раманы “Здань у Малым замку”, “Статуя і Саламандра”) і Элеаноры Штырмер (фантасмагарычныя аповесці “Фрэнафагіуш і Фрыналесты”, “Аповесць нябожчыка Пантофлі”; сапраўдным аўтарам гэтых аповесцяў быў муж Элеаноры – палкоўнік расійскага генеральнага штаба Людвік Штырмер). Мне хацелася прадставіць у п’есе  паводле кнізе Яна Баршчэўскага, не толькі саму кнігу, але і вобраз аўтара, адлюстраваць ягоны лёс, атмасферу часу, у якім ён жыў.

IMG_1363.jpg

У самой п’есе ёсць цікавая спроба аб’яднання матэрыялу на пэўным гістарычным падмурку. І п’еса атрымалася не толькі забаўляльная, але і павучальная.

— “Шляхціц Завальня...” быў напісаны і апублікаваны ў 40-я гады ХІХ ст., але на думку даследчыкаў у гэтым казачна-фантастычным творы зашыфраваныя падзеі канца ХVIII ст.: падзелы Рэчы Паспалітай, захоп беларускіх земляў Расійскай імперыяй. Напрыклад, у вобразе Белай Сарокі паказана расійская імператрыца Кацярына ІІ. Тое, што Ян Баршчэўскі не мог сказаць адкрыта, ён зашыфраваў у форме казкі, у форме прыпавесці. Мне хацелася выцягнуць на паверхню ўсё схаванае аўтарам, актуалізаваць ягоны твор, напісаны некалькі стагоддзяў таму. Даследчыкі сцвярджаюць, што ў “Шляхціцы Завальні” зашыфраваныя падзеі мінуўшчыны, але я прачытаў кнігу Баршчэўскага  як прадказанне будучыні, як перасцярогу нашчадкам:  любіце свой дзіўны край і не аддавайце яго чужынцам.

Вы фактычна аб’ядноўваеце фальклор з фэнтэзі, дадаючы крыху больш сучасных феноменаў, такіх як псіхатэрапія, гіпноз, псіхааналіз. Гэта для таго, каб зацікавіць сучасных гледачоў? Чаму Вы проста не зрабілі вытрымку з твора, навошта было дадаваць штосьці яшчэ?

— Калі б я пісаў п’есу трыццаць гадоў таму, калі Яна Баршчэўскага ніхто ў Беларусі не ведаў, я стараўся б як мага бліжэй трымацца арыгіналу, бо гэта была б першая тэатральная інтэрпрэтацыя забытага літаратурнага  твора. Сёння “Шляхціца Завальню” вывучаюць у школе, кніга ў перакладзе на беларускую мову шмат разоў перавыдавалася, зняты мастацкі фільм Віктара Турава, былі пастаўлены спектаклі Уладзіміра Савіцкага ў Купалаўскім тэатры і Алега Жугжды ў Віцебскім тэатры “Лялька”. Трыццаць гадоў існавання гэтага твора ў беларускай культурнай прасторы даюць магчымасць больш свабодна абыходзіцца з гэтым матэрыялам і дазваляюць прапанаваць новую, больш адвольную аўтарскую інтэрпрэтацыю, няхай сабе дыскусійную і для многіх нечаканую. На першы погляд, такі падыход аддаляе нас ад твора, але з іншага боку адкрывае ў ім новыя сэнсы і патэнцыяльныя магчымасці. Як я ўжо казаў, у п’есе выкрыстаны не толькі вобразы і матывы “Шляхціца Завальні...”, але прысутнічаюць гістарычныя алюзіі і біяграфічныя матывы, адлюстравана тагачасная літаратурная мода і зацікаўленасць навуковымі адкрыццямі, характэрная для ХІХ-га стагоддзя. У гэты час сутыкаюцца дзве філасофіі. Адна рэлігійная, містычная, а другая – абсалютна рацыяналістычная, матэрыялістычная, якая не здала экзамену цягам ХХ стагоддзя. Лічылася, што ўсе можна растлумачыць з дапамогай навукі, а ўсялякія міфы і паданні – звычайныя забабоны. Потым стала зразумела, што ў свеце не ўсе так проста, нельга з дапамогай прыбораў змерыць душу, вызначыць, ці існуе яна і колькі грамаў важыць. У ХІХ ст. адбывалася сутыкненне матэрыялізму, часам бяздумнага і бяздушнага, з традыцыямі веры, народнай духоўнасці. Адзін збіраў фальклор, другі цікавіўся фізікай, трэці захапляўся боксам... Вось, напрыклад, вобраз доктара Шэльмера. Уявіце сабе, што акцёру Івану Трусу давялося б у наш час іграць такога Чарнакніжніка, якім ён літаральна апісаны ў адным з апавяданняў  Баршчэўскага: старэнькі згорблены дзядок у шэрых лахманах...

Зараз у нас меншую ролю адыгрывае царква і рэлігія, але ў самім творы ставіцца вялікі акцэнт на боскую ролю. У Вашым творы роля рэлігіі крыху меншая. Выратавальніцай выступае Плачка, якая вызначае меру справядлівасці.

— Што тычыцца рэлігіі, тут, вядома, вельмі важная асоба аўтара, ягоная біяграфія. Ян Баршчэўскі вучыўся ў езуіцкай акадэміі і быў вельмі набожным чалавекам. З аднаго боку, яго цікавіў беларускі фальклор: міфы, легенды, паданні, а з іншага боку, ягоная творчасць моцна прасякнуты рэлігійным маралізатарствам у каталіцкай версіі. Але Баршчэўскі не быў рэлігійным фанатыкам, ён быў містыкам і рамантыкам, чалавекам з багатай фантазіяй. Ён глядзеў на аблокі над Фінскім залівам і ў ягонай галаве нараджаліся вобразы фантастычных істотаў, ён чытаў кнігу прыроды і бычыў у ёй выяўленне Божай волі і адлюстраванне чалавечага лёсу. У ягоным самотным жыцці было дзве апоры: адна ў небе –  Бог, другая на зямлі – родны край. І вось гэтае перапляценне рэлігійнасці з любоўю да роднага краю стварыла асобу Яна Баршчэўскага і феномен твораў, якія ён нам пакінуў. Невыпадкова ў вобразе Плачкі адны даследчыкі бачаць Маці Божую, а іншыя – Беларусь.

IMG_1376.jpg

Мы ўжо закранулі з Вамі тэму любові да радзімы. А чаму Ян у п’есе так і не пакінуў родныя мясціны ў адрозненні ад твора Баршчэўскага, дзе ён вяртаецца ў Пецярбург?

— Ян прыязджае да дзядзькі на Каляды, а тут здараюцца вельмі важныя падзеі ў ягоным жыцці, сведкамі якіх робяцца гледачы спектакля. Мы не ведаем, што станецца з героем далей. Ці ён застанецца ў Мурагах, ці разам з Амеліяй з’едзе ў Пецярбург? Гэта так званы адкрыты фінал. Для п’есы, як і для спектакля характэрны жанравы сінкрэтызм і стылістычны эклектызм, трагічныя элементы мяжуюцца з камічнымі, містычныя сцэны з  пафаснымі дыялогамі. Ёсць у п’есе і элементы такога жанру, як альтэрнтыўная гісторыя: у рэчаіснасці Кацярына ІІ далучыла Беларусь да Расійскай імперыі,  а Белая Сарока ў спектаклі – не здолела, усё сваё жыццё Ян Баршчэўскі правёў у самотнасці, а ў спектаклі Яна чакае хэпі-энд з Амеліяй...

Чаму Вы вырашылі зрабіць акцэнт на нацыянальнай ідэі, на праблеме нацыянальнай ідэнтычнасці?

— Акцэнт на праблеме нацыянальнай ідэнтычнасці, праблеме выбару беларусамі свайго шляху ў п’есе невыпадковы. Ян Баршчэўскі – адзін з першых нашых пісьменнікаў, які пачаў ужываць назву “Беларусь” для азначэння сваёй Радзімы. Міцкевіч развітаўся з гістарычнай Літвой у “Пане Тадэвушу”, Баршчэўскі вітаў новую Беларусь у “Шляхціцу Завальні”.  Вітаў у жанры фантастычных апавяданняў:  як мару, як казку, як прыпавесць. Трыццатыя-саракавыя гады ХІХ ст. – гэта якраз той пераломны момант. калі на змену гістарычнаму паняццю “Літва” прыйшла назва “Беларусь”. І так атрымалася, што ўпершыню гэтая назва з’явілася якраз у кнігах, выдадзеных па-польску за межамі краю: у “Беларусі” (Лондан, 1840) Аляксандра Рыпінскага і “Шляхціцы Завальні, або Беларусі ў фантастычных апавяданнях” (Пецярбург, 1844-1846) Яна Баршчэўскага. Нам зараз цяжка ўявіць, што некалі назва “Беларусь” успрымалася як нешта незвычайнае, дзіўнае, як новамоднае паняцце. Але ў часы Баршчэўскага было менавіта так. Акрамя таго, узмацненню нацыянальнага акцэнту ў п’есе спрыяў наш час,  сённяшняя геапалітычная сітуацыя, трывога за лёс краіны, за яе незалежнасць. Мне падалося натуральным, што ў спектаклі па кнізе Баршчэўскага на Купалаўскай сцэне павінны быць не толькі містычныя сцэны і чароўныя пераўтварэнні, але  і весціся размова пра лёс краіны. Гэтая тэма ўзнікае ў дыялогах-спрэчках шляхціца Завальні і ягонага пляменніка Яна, прадстаўнікоў двух пакаленняў. Шчыры ліцвін Завальня пасмейваецца з беларускасці пляменніка, “першага і адзінага беларуса ў свеце”, але гэта ўжо нейкая новая ідэя, якая пачынае граць надзвычай важную ролю ў грамадскай свядомасці. Завальня – гэта тая Беларусь, якая ўжо сыходзіць, а Ян – Беларусь, якая яшчэ не наступіла: ні ў сярэдзіне ХІХ ст., ні насамрэч нават цяпер (у гэтым сэнсе Ян нагадвае вобраз Янкі Здольніка з “Тутэйшых” Янкі Купалы). Сутыкаюцца два пакаленні. І адказнасць за будучыню краіны з пакалення Завальні пераходзіць на пакаленне Яна. Камусьці гэтыя спрэчкі пададуцца празмерна патэтычнымі, але я згадваю як зацята мы спрачаліся з нашымі бацькамі пасля распаду савецкай імперыі пра будучыню Беларусі, пра найбольш адпаведную назву для нашай краіны: Крыўе, Літва, Беларусь. І гэтыя зацятыя спрэчкі адбываліся не на мітынгах, а за святочным сталом, падчас сямейных урачыстасцяў.

Вы неяк гаварылі, што ў працы інсцэніроўшчыка трэба быць рэмейкерам і перарабляць старыя матэрыялы пад новы лад. Скажыце, ці заўжды трэба дабаўляць штосьці сучаснае, і ці не здаецца Вам, што цяперашні гледач можа не ўспрымаць гэтыя гістарычныя падзеі без сучаснага кантэксту?

— Не кожны драматург павінен быць рэмейкерам і перарабляць старыя творы на новы лад. Але я, як драматург і даследчык літаратуры ў  адной асобе, лічу сваёй прыярытэтнай задачай менавіта “пераклад” выдатных твораў беларускай літаратуры на мову драматургіі альбо ў форме інсцэніроўкі (“Чужое багацце” Яна Давіда Голанда, “Выкраданне Еўропы” Францішкі Уршулі Радзівіл, “Пан Тадэвуш” Адама Міцкевіча), альбо ў форме п’есы (“Трышчан ды Іжота”, “Чатыры гісторыі Саламеі”, “Навука кахання”, “Стомлены д’ябал”). Гэты накірунак я назваў калісьці герменеўтычнай драматургіяй, і нашыя літаратуразнаўцы і тэатразнаўцы прынялі гэты тэрмін. Звяртаючыся да біблійных ці антычных сюжэтаў, я таксама імкнуўся прачытаць і інтэрпрэтаваць іх па-новаму, праз прызму пазнейшых стагоддзяў і нашай сучаснасці (“Камедыя Юдзіфі”, “Сёстры Псіхеі”). Спадзяюся, у “Шляхціцы Завальні...” гэта таксама атрымалася. Ёсць творы, якія нараджаюцца і назаўсёды застаюцца ў сваім часе як эпізод у гісторыі літаратуры, а ёсць творы, якія могуць быць забытыя на працягу некалькіх стагоддзяў, а потым надыходзіць іх час, і яны робяцца зноў актуальнымі. Мне здаецца, для Купалаўскага тэатра “Шляхціц Завальня...” Яна Баршчэўскага ў 2019 годзе – твор не толькі класічны, з выразным нацыянальным каларытам, але і актуальны.

А вось калі параўнаць Беларусь і Польшчу. “Шляхціц Завальня” быў перакладзены з польскай мовы. Як Вам здаецца, у Польшчы больш чытаюць, шануюць Баршчэўскага, чым у Беларусі?

— Яна Баршчэўскага ў Польшчы ніхто не ведае і не чытае акрамя даследчыкаў літаратуры ХІХ ст. Выдадзены ў Пецярбургу, гэты твор ніколі ў Польшчы не перавыдаваўся, калі не лічыць навуковага двухмоўнага выдання, падрыхтаванага Міколам Хаўстовічам. Напісаны па-польску твор прызначаўся ў першую чаргу беларускаму чытачу, пра што сведчыць і назва “Беларусь” у загалоўку. З кнігай Баршчэўскага адбылася гісторыя, падобная да гісторыі з “Песняй пра зубра” Міколы Гусоўскага. Напісаная па-лацінску ў XVI ст. паэма Гусоўскага ў Польшчы амаль нікому невядомая, у падручніках па гісторыі польскай літаратуры згадваецца адным-двума сказамі. А ў Беларусі Міколай Гусоўскі – класік, ягоная паэма стала нацыянальным эпасам і вывучаецца ў школе. “Песня пра зубра” аказалася “чужой”, незразумелай для польскай культуры, а для беларускай культуры – “сваёй”, зразумелай і запатрабаванай,  вельмі блізкай да беларускай ментальнасці.  І “Песня пра зубра”, і “Шляхціц Завальня” трывала ўвайшлі ў наш нацыянальны літаратурны канон, сталіся знакавымі творамі для беларускай культуры.

IMG_1368.jpg

У творы Яна Баршчэўскага раскрываецца фальклор Віцебшчыны. Ці звярталіся Вы падчас працы да гісторыі Вашага рэгіёна, я маю на ўвазе Магілёўшчыну? Ці знайшлі Вы адрозненні паміж фальклорам розных рэгіёнаў?

— Я не звяртаўся да гісторыі і фальклору Магілёўшчыны, бо дзеянне “Шляхціца Завальні...” лакалізавана на Віцебшчыне, у ваколіцах возера Нешчарда. Апрача матываў і вобразаў з кнігі Баршчэўскага ў п’есе выкарыстаны тэксты калядак і пахавальных галашэнняў, узятыя з трыццацітомнога збору беларускага фальклору. Па меры магчымасці, я выбіраў менавіта тыя тэксты, якія паходзілі з Віцебшчыны (напрыклад, калядоўшчыкі спяваюць: “Ехала Каляда з Полацка / У маляваненькім вазочку, /На вараненькім канёчку, /Заехала да Завальні на двор...”). А ўвогуле ў кнізе Баршчэўскага так шмат цікавых сюжэтаў, матываў, вобразаў, як фальклорных, так і створаных пры дапамозе аўтарскай фантазіі, што не было патрэбы шукаць іншыя легенды, паданні, міфы ў фальклорных зборніках. Я сваю задачу бачыў у адборы і кантамінацыі найбольш цікавых вобразаў і матываў “Шляхціца Завальні...”, у стварэнні арыгінальнай мастацкай інтэрпрэтацыі гэтага ўнікальнага твора. Калісьці Яна Баршчэўскага  лічылі звычайным фалькларыстам, а ягоную кнігу – зборнікам беларускага фальклору і міфалогіі. Але гэта няпраўда. Ян Баршчэўскі – арыгінальны пісьменнік з багатай фантазіяй, гэткі беларускі Гофман альбо ранні Гогаль. Беларуская готыка, рамантызм... Для мяне “Шляхціц Завальня...” -- адзін з найцікавейшых твораў ХІХ стагоддзя.

Якое ўзроставае абмежаванне Вы б прапанавалі для гэтага спектакля?

— Думаю, што “12+” – найлепшае рашэнне,  як і ў выпадку з “Пінскай шляхтай”. А ўвогуле спектакль Алены Ганум можна глядзець і дзецям, і дарослым. Дзеці ўбачаць захапляльную казку, відовішчную фэнтэзі, дарослыя – постмадэрністычную, настальгічна-іранічную гульню з гістарычнымі алюзіямі, нацыянальнымі фобіямі і архетыпамі.  

Галерэя: