"Каханне як мілітарызм". Сёння прэм'ера
У Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы сёння і заўтра адбудуцца прэм’ерныя паказы спектакля “Каханне як мілітарызм” па п’есе Пятра Гладзіліна ў пастаноўцы Дзмітрыя Цішко.
Спектакль будзе ісці на Камернай сцэне – новай пляцоўцы тэатра, што адкрылася ў гэтым сезоне і была давераная маладым рэжысёрам, студэнтам Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (курс Мікалая Пінігіна).
У снежні 2015 года там адбылася прэм’ера “Антыгоны” па творы Жана Ануя ў пастаноўцы Мікалая Капульцэвіча, у сакавіку 2016 года на купалаўскіх афішах з’явіліся “Шабаны” па творы Альгерда Бахарэвіча ў пастаноўцы Алены Ганум. Цяпер Дзмітрый Цішко выбраў для сваёй дыпломнай працы п’есу расійскага драматурга Пятра Гладзіліна, напісаную першапачаткова як сцэнар, а затым адаптаваную для тэатра па просьбе Алега Табакова.
Героі п’есы “Каханне як мілітарызм” – прадстаўнікі трох пакаленняў адной сям’і, якім не жывецца мірна: бабуля ваюе з дзядулем, іх дочкі – з муж’ямі, а ўнучка з хлопцам. Гэта гісторыя пра бясконцае супрацьстаянне ў стасунках самых блізкіх людзей. Перад вачыма галоўнай гераіні Таццяны разгортваецца жорсткая “вайсковая кампанія”, дзе слова маюць самалёты, танкі, падводныя лодкі і караблі. Мовай камедыі спектакль спрабуе адказаць на пытанне: чаму людзі, створаныя для любові, не могуць жыць у згодзе?
– Мяркуючы па назве, спектакль павінен быць пра каханне, але ў гэтай гісторыі ўсе хочуць, каб кахалі толькі так, як кожнаму з герояў уяўляецца, – кажа рэжысёр Дзмітрый Цішко. – Бабуля імкнецца перарабіць “пад сябе” дзядулю, іх дзеці таксама ўвесь час высвятляюць адносіны, ваююць. Таму мне падаецца, што для гэтай п’есы прастора Камернай сцэны падыходзіць як мага лепш – мы быццам знаходзімся у бункеры. Але галоўнае, што мяне тут трывожыць, – дзіцёнак, а затым ужо дзяўчына Таццяна, якая ўсё гэта бачыць і таму пачынае ўспрымаць жыццё па-іншаму.
Пераклад п'есы на беларускую мову зрабіла Марына Казлоўская. Сцэнаграфію і касцюмы рыхтуюць маладыя мастакі, студэнты Барыса Герлавана Лідзія Малашэнка і Крысціна Пержукова. Музычным афармленнем займаецца Павел Захаранка. Мастацкі кіраўнік пастаноўкі – Мікалай Пінігін.
У спектаклі задзейнічаныя: Святлана Анікей, Зоя Белахвосцік, Алег Гарбуз, Генадзь Гарбук, Крысціна Дробыш, Аляксандр Зелянко, Зінаіда Зубкова, Святлана Кажамякіна, Дзіяна Камінская, Максім Карасцялёў, Мікалай Кірычэнка, Яўгенія Кульбачная, Георгій Маляўскі, Юльяна Міхневіч, Аляксандр Падабед, Дзмітрый Тумас, Юлія Шпілеўская, Кацярына Яворская.