Крысціна Казак. Маладая артыстка рыхтуецца да прэм’еры “Пана Тадэвуша”

26 снежня

У Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы ідуць рэпетыцыі спектакля “Пан Тадэвуш” паводле аднайменнай паэмы Адама Міцкевіча. Прэм’ера адбудзецца ўжо 15 студзеня 2014 года. Над адной з галоўных жаночых роляў – Зосі – працуе новая артыстка тэатра Крысціна Казак.

У Купалаўскі Крысціна прыйшла на пачатку сезона адразу пасля заканчэння тэатральнага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (курс народнага артыста Беларусі Мікалая Кірычэнкі).

– Калі сказала дома, што збіраюся паступаць на тэатральны, мяне спачатку не зразумелі, – расказвае артыстка. – Вядома, што ў акцёраў тэатра маленькія заробкі, а вось прафесія патрабуе вялікай аддачы, у адказ на якую ты атрымліваеш толькі маральнае задавальненне. З першай спробы не паступіла, што спачатку ўспрыняла як вялікую трагедыю. Але потым падумала, што калі дайшла да трэцяга тура іспытаў, гэта нешта значыць, і вырашыла паспрабаваць яшчэ раз. У выніку мой шлях у акадэміі склаўся даволі добра. Падчас вучобы тры гады запар удзельнічала ў міжнародным фестывалі TeArt, пачала супрацоўнічаць са Студыяй альтэрнатыўнай драмы (нефармальнае аб’яднанне маладых беларускіх драматургаў, рэжысёраў і акцёраў). З дыпломным спектаклем “Амазонія” па п’есе польскага драматурга Міхала Вальчака мы з’ездзілі на фестываль “Белая Вежа”, выступілі ў Малдове. Яго рэжысёр – купалавец Ігар Пятроў. Ён жа ставіў і “Ладдзю роспачы” для TeArta ў 2012 годзе, дзе было задзейнічана шмат купалаўцаў.


– Атрымліваецца, што знаёмства з тэатрам адбылося яшчэ да прыходу сюды.

– Так, большасць артыстаў ужо ведала. Тым больш майстар курса за чатыры гады расказаў нам шмат гісторый пра Купалаўскі. Таму трохі разумела, куды іду – у складзены калектыў, сям’ю. Было вельмі страшна пачынаць працу над першым прэм’ерным спектаклем і, напэўна, яшчэ доўга будзе страшна выходзіць на сцэну разам з людзьмі з такім вялікім вопытам і талентам. Дзякуй ім за тое, што могуць дзесьці штосьці падказаць. Часам нават адным позіркам супакоіць. Роля Зосі ў “Пане Тадэвушы” сталася нечаканасцю. Я была гатовая да таго, што спачатку трэба будзе пасядзець ці патанчыць, як у “Паўлінцы”, “Ночы на Каляды” і “Чорнай панне Нясвіжа”, куды мяне ўвялі.

– Але ж нядаўна да гэтага спіса дробных роляў дадалася ўжо вялікая роля Ганны ў пастаноўцы “Сымон-музыка”. Ды і Зося адзін з галоўных персанажаў у прэм’ерным спектаклі. Што можна сказаць пра яе?

– Спачатку зазначу, што паэма “Пан Тадэвуш” – з тых твораў, да якіх трэба “дарасці”. Я разумею, што там адбываецца, але штосьці новае адкрываю для сябе кожную рэпетыцыю. Персанаж мой вельмі падабаецца. Даволі часта і ў тэатры, і ў кіно даводзіцца граць кагосьці значна малодшага за сябе. Зосі – трынаццаць год у творы Міцкевіча. Гэта дзяўчынка, з якой спрабуюць зрабіць даму, вывесці яе ў свет. Але балы, сур’ёзныя размовы яна бачыць як казку, усяму навокал радуецца і здзіўляецца. Таму мне Зося і падабаецца – колькі б чалавеку ні было год, важна заставацца хаця б крыху дзіцём. Яе паводзіны крыху змяніліся, калі яна закахалася ў Тадэвуша.

– У чым адчуваецца розніца паміж акцёрскай працай у акадэміі і ў нацыянальным тэатры?

– Лічу, што на пляцоўку павінен выходзіць артыст, а не яго дыплом, таму і ў акадэміі, і ў прафесійным тэатры трэба быць адказным. Але ў інстытуце ты разумееш, што можаш выпіць кавы і прыйсці на пяць хвілін пазней. Першае ж, што мне сказалі ў тэатры: “Табе ні ў якім разе нельга нікуды спазняцца”. Напачатку рэпетыцый сутаргава прачыналася вельмі рана, таму што баялася не паспець прыехаць учас. Розніца яшчэ адчуваецца і ў тым, што, на жаль, у акадэмію часта прыходзяць тыя, хто не збіраецца ў будучым сябе звязваць з акцёрскай прафесіяй. Двум-тром студэнтам важна штосьці зрабіць, а астатнім зусім не патрэбна, але вы павінны працаваць разам. Зараз прыходжу на працу і разумею, што ўсё сур’ёзна адбываецца, людзі займаюцца справай. Гэта важна і прыемна для мяне. А ў акадэміі былі моманты, калі я разумела, што губляю час.

– Праца са Студыяй альтэрнатыўнай драмы працягваецца і цяпер?

– Так, я прыйшла ў САД яшчэ ў той час, калі яна арганізоўвалася. Усё пачалося з блока пяці чытак п’ес Пашы Расолькі, Пашы Пражко, Дзімы Багаслаўскага, Віці Красоўскага і Сярожы Анцэлевіча. Мы вельмі сышліся ўсе ў творчым плане. І як толькі ў хлопцаў з’яўляліся новыя п’есы, мы выносілі іх на пляцоўку. Удзячная ім, што так блізка пазнаёмілася з сучаснай драматургіяй. Да таго ж, чытка – цікавы акцёрскі вопыт. Яна не патрабуе паўнавартаснага акцёрскага падключэння. Усё-такі мы прадстаўляем тэкст. Глядач быццам чытае кнігу, толькі яе падзеі разыгрываюцца перад ім. Але калі ты цалкам граеш іх, у гледача няма выбару: ён вымушаны глядзець чытку як спектакль. Лічу, што ўсё ж такі ў яго павінна быць альтэрнатыва.

– На пачатку снежня ў Мінску зноў паказалі спектакль Patris, якім адкрываўся сёлета беларускі блок Міжнароднага тэатральнага фестывалю TeArt. Пастаноўка нарадзілася з чытак?

– Мы чыталі і разумелі, што з гэтым трэба рухацца далей. Цудоўна, што знайшліся людзі, якія дапамаглі таму, каб спектакль адбыўся. П’еса ўсё ж такі дакументальная – пабудавана на рэальных інтэрв’ю з рэальнымі людзьмі. Спадзяюся, праект будзе мець працяг.

–У беларускім тэатры дакументальны жанр – рэдкасць. Чым для акцёра адрозніваецца праца ў гэтым накірунку ад працы ў звыклых драматычных спектаклях?

– Мяне вельмі зацікавіла, як у самім тэксце раскрыта тэма патрыятызму праз сапраўдныя інтэрв’ю з рэальнымі людзьмі на такую тэму. Усё вельмі проста, але так кранае, прымушае задумацца. Гэтым тэкстам павінна была карыстацца мая гераіня Насця, якая па сюжэце вырашыла разам з сябрам аператарам Косцем зняць у Мінску дакументальны фільм пра патрыятызм. Падчас здымак блоку відэа, які быў неабходны для спектакля, мы самі ўзялі таксама шмат інтэрв’ю на вуліцы ў мінакоў. Нейкі мужчына казаў нам на камеру: “Я патрыёт той краіны, якой служу”. У адной жанчыны я запыталася, што, на яе думку патрыятызм, як яна ставіцца да сваёй краіны, ці ўсё ей падабаецца. І яна на поўным сур’ёзе вельмі доўга расказвала, што яе пужаюць іерогліфы на сценах. Не адразу зразумела, што мелася на ўвазе графіці. Думкі людзей наконт паняццяў радзімы і патрыятызму часам мяне шакіравалі. Так атрымалася, што перада мной тады таксама паўстала пытанне: з’язджаць за мяжу ці не? І, як некаторыя героі нашага спектакля, я апынулася ў сітуацыі, калі разумееш, што і гэта не так, і тое не падабаецца, і лепш увогуле паехаць адсюль, але штосьці ўсё ж такі не дае так зрабіць.

– А што ўсё ж такі атрымліваецца рабіць у вольны ад тэатра час?

– Кіно. Напрыклад, у верасні разам з драматургам Андрэем Івановым знялі кароткаметражны фільм “Дом з прывідамі” для міжнароднага фестывалю рускамоўнай культуры KOLORITfest у Чэхіі. Вельмі цікавая была для мяне праца. Здымалі ноччу ў загарадным доме. Фільм атрымаў Гран-пры ў Празе, добрыя водгукі. Але пакуль я толькі прыйшла ў Купалаўскі тэатр, таму мне хочацца глядзець, што і як тут адбываецца, вучыцца і набірацца вопыту.

Відэа:

Дом с привидениями
Загрузка плеера