Пачынаем 96-ы сезон

25 жніўня
Пачынаем 96-ы сезон
Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы пачынае новы 96-ы сезон. Якім ён будзе?

ЮБІЛЕЙ
Сёлета тэатр святкуе 95-годдзе. Датай заснавання Купалаўскага лічыцца 14 верасня 1920 года, калі ў будынку на Энгельса, 7 адкрыўся Беларускі дзяржаўны тэатр (БДТ).
 – Мы рыхтуем святочную імпрэзу ў 2-х актах на 15 верасня, – расказвае мастацкі кіраўнік тэатра Мікалай Пінігін. – У першым пакажам спектакль “Сфінкс” Актава Фелье, які першым з’явіўся на сцэне нашага будынку ў 1890 годзе. У другой частцы ўзгадаем легендарныя спектаклі, якія ўжо не ідуць, – “Трыбунал”, “Памінальная малітва”, “Гаральд і Мод”, “Тутэйшыя” і інш.

 

АДКРЫЦЦЁ КАМЕРНАЙ СЦЭНЫ

З новага сезона пачне працаваць Камерная сцэна, што знаходзіцца на чацвёртым паверсе тэатра. Трапіць туды можна праз службовы ўваход.
 – Плануем рабіць там спектаклі малой формы, якія не патрабуюць вялікіх дэкарацый, – тлумачыць Мікалай Пінігін. – Пакуль зала разлічаная на 90 глядацкіх месцаў. Камерная сцэна мусіць стаць пляцоўкай для маладых рэжысёраў, акцёрскіх эксперыментаў. 
Туды ўжо перанесеныя спектаклі “Старамодная камедыя” і “ГендэльБах”. З верасня там будуць праходзіць рэпетыцыі спектакляў “Шабаны” паводле твора Альгерда Бахарэвіча ў пастаноўцы Алены Ганум, а таксама “Антыгона” Жана Ануя ў пастаноўцы Мікалая Капульцэвіча.

 

ПРЭМ’ЕРЫ

Першая прэм’ера сезона на Галоўнай сцэне – “АРТ” па п’есе Ясміны Рэзы ў пастаноўцы Мікалая Пінігіна. Першы паказ запланаваны на лістапад. Рэпетыцыі пачнуцца ў верасні. У спектаклі задзейнічаныя Арцём Бародзіч, Алег Гарбуз, Міхаіл Зуй, Аляксандр Казела, Павел Харланчук-Южакоў, Сяргей Чуб. Затым купалаўцы збіраюцца працаваць над сцэнічнай версіяй аповесці Максіма Гарэцкага “Дзве душы”. Прэм’ера мусіць адбыцца ў красавіку.

ФЕСТЫВАЛЬ “БЕЛАЯ ВЕЖА”

Спектаклем "Паўлінка" 19 верасня тэатр закрывае праграмму XX Міжнароднага тэатральнага фестываля “Белая вежа” ў Брэсце, што распачнецца там 11 верасня. Сёлета ў фестывалі ўдзельнічаюць усе тэатры, што ўжо атрымалі калісьці Гран-пры на "Белай вежы". Купалаўцы сталі першымі трыумфатарамі тэатральнага форуму ў 1995 годзе са спектаклем "Ідылія" паводле п'есы "Сялянка" Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ў пастаноўцы Мікалая Пінігіна. Затым паказвалі ў Брэсце "Вітаўта", "Беларусь у фантастычных апавяданнях", "Чычыкава", "Сымона-музыку", "Макбет" і "Вяселле".

 

ГОСЦІ З КІТАЯ

Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы прымае на сваёй сцэне 12 і 13 кастрычніка Народны мастацкі тэатр Пекіна са спектаклем “Наш Цзын Кэ”. Менавіта на яго сцэне гралі купалаўцы вясной 2014 года. Паказ кітайскіх калег адбудзецца ў рамках Дзён культуры КНР ў Беларусі.

 

ВЫСТУП У МАСКВЕ

Купалаўская “Чайка” ўзляціць над сцэнай Расійскага акадэмічнага маладзёжнага тэатра ў Маскве 24 лістапада. Такім чынам працягваюцца абменныя гастролі паміж вядучымі тэатральнымі пляцоўкамі Беларусі і Расіі, распачатыя ў мінулым годзе паказам спектакля “Дом” МХТ імя А. Чэхава на купалаўскай сцэне.