11 траўня – 120 гадоў з Дня нараджэння легендарнага артыста-купалаўца Глеба Глебава (Глеба Сарокіна)

11 мая
11 траўня – 120 гадоў з Дня нараджэння легендарнага артыста-купалаўца Глеба Глебава (Глеба Сарокіна)

Ён нарадзіўся ва Украіне ў творчай сям’і. Ягоны бацька Павел Сарокін быў адным з лепшых артыстаў славутай украінскай трупы Марка Крапіўніцкага. Любоўю да тэатра натхніўся і сын-гімназіст Глеб, які ўжо з 1921 года пачаў выступаць ў вандроўных трупах ва Украіне. Працаваў у тэатрах Адэсы, Нікалаева, Вазнясенска. У памяць аб працы Глебава ў Адэскім акадэмічным рускім тэатры на вуліцы Грэчаскай у тэатральным холе дасюль вісіць ягонае фота.  
Выява Глеба Глебава знаходзіцца і ў партрэтнай галерэі знакамітых артыстаў і заснавальнікаў ў закуліснай частцы Купалаўскага тэатра, дзе артыст праслужыў больш за 40 гадоў.

Па-сапраўднаму шчаслівымі былі тыя гледачы, якім давялося пабачыць Глебава на сцэне! Ад яго сыходзілі незвычайная дабрыня, прыроднае абаянне -- усё тое, што было ўласціва старой тэатральнай школе. Пластычны і арганічны артыст з выдатным камедыйным дарам, цудоўны імправізатар Глеб Глебаў сыграў ў тэатры больш за 150 роляў. З адной толькі “Паўлінкай” выходзіў на сцэну Купалаўскага больш за 600 раз! Калі ягоны Пустарэвіч шпурляў за спіну сваю шапку, яна раз за разам дакладна патрапляла ззаду на цвік. Зал выбухаў смехам і апладысментамі! А ягоны славуты “палёт лыжак” у той жа “Паўлінцы”!

А яшчэ былі зорныя ролі Кроплі ў «Канстанціне Заслонаве» А.Маўзона, Тулягі ў спектаклі «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы, Няміры ў "Бацькаўшчыне" К. Чорнага, Мендозы ў спектаклі "Дзень цудоўных падманаў" Р. Шэрыдана, Гарпагона ў "Скупым" Ж.-Б. Мальера, Гарошка ў "Выбачайце, калі ласка" А.Макаёнка ды іншых.
Аўтарытэт Глебава быў велізарным. У часы вайны менавіта ён узначаліў трупу тэатра – з 1941 па 1947 год. Гэты цяжкі час прынёс невымоўнае гора і ў сям’ю Глеба Глебава і яго жонкі Надзеі... У час вяртання з Томска ў крушэнні цягніка загінула 8-гадовая дачка Глена, імя якой складалася з імёнаў яе любячых бацькоў...

Пра павагу да Глеба Глебава ў артыстаў тагачаснага маладзейшага пакалення згадвае сёння галоўны мастак тэатра Барыс Герлаван. “Куды б не заходзіў Глебаў – нават у нашу славутую акцёрскую “брахалаўку”(арт-фае), артысты не проста віталіся з мэтрам словам ды кіўком галавы, яны заўсёды ўздымаліся з крэслаў і віталі артыста стоячы”.

Глеб Глебаў і сёння прысутны ў нашым горадзе: ва ўдзячнай памяці тэатралаў, у таленавітай творчай сям’і сваіх нашчадкаў, на памятнай шыльдзе на доме, дзе колісь жыў і на юбілейных манетах у гонар Артыста, у кветках ля помніка на Усходніх могілках.  

Галерэя: