13 траўня – 70 гадоў з Дня нараджэння заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Сяргея Краўчанкі

13 мая
13 траўня – 70 гадоў з Дня нараджэння заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Сяргея Краўчанкі

На вялікі жаль, ужо пяць гадоў, як мы не можам пабачыць яго на Купалаўскай сцэне, на тэрасе Аўстэрыі, у сяброўскім коле. Балючая страта.

Сяргей Усеваладавіч Краўчанка нарадзіўся ў сям’і пісьменніка і жыў у доме, які глядзіць вокнамі на Купалаўскі тэатр. Кажуць, што свае першыя прадстаўленні даваў на балконе гэтага пісьменніцага дома. І мянушку з дзяцінства меў адмысловую – “Артыст”.

Свае першыя ролі іграў яшчэ студэнтам, пасля патрапіў у купалаўскую трупу, але перад гэтым адслужыў у войску. Паслухаем успамін Сяргея Краўчанкі, ды загадаем ягоныя іранічныя інтанацыі: “ Пачыналася мая акцёрская кар’ера з жудаснай гісторыі. Перад прэм’ерай “Раскіданага гнязда” Янкі Купалы, дзе ў мяне была роля Данілкі, атрымаў позву ў армію з чырвонай пазнакай: “Забраць неадкладна. Прасачыць за адпраўкай”. Рэжысёр Барыс Луцэнка кінуўся ў ваенкамат мяне выратоўваць, але марна. Пасля мы даведаліся, што колішні міністр абароны Грэчка прынцыпова загадаў забраць “усіх гэтых акцёрыкаў і інтэлігенцікаў”. Мне давялося будаваць БАМ, і толькі амаль праз два гады змог вярнуцца ў тэатр.

На сцэне артыст сыграў больш за 50 роляў. Згадаем Баха ў спектаклі «ГендэльБах» П.Барца, Ота – у «Ня мой» А.Адамовіча, Запарожца -- «Ноч на Каляды» М. Гогаля, Глушака -- «Людзі на балоце» І. Мележа, Яшу -- «Лістапад. Андэрсэн» А. Паповай, Вознага -- «Пан Тадэвуш» А. Міцкевіча, Дыманша -- «Дон Жуан» Ж.-Б. Мальера, Настаўніка Х’ю --«Translations» Б.Фрыла, а таксама Ксяндза ў “Дзядах” Тэатра “Ч”.

Цёплы, добры, адданы мастацтву чалавек. “Ад яго была такая хваля таго Купалаўскага, той часціны гісторыі, якую хацелася пераняць да сябе» -- казаў пра старэйшага калегу Павел Харланчук-Южакоў.

І тэатр і Мінск страцілі свайго таленавітага артыста і гараджаніна.

 

 

Галерэя: