Мікалаю Кірычэнку - 70 год. Віншуем!

16 сакавіка
Мікалаю Кірычэнку - 70 год. Віншуем!
Сёння 70 год спаўняецца народнаму артысту Беларусі Мікалаю Кірычэнку. Свой юбілей артыст адзначыць на сцэне - у ролі Васіля ў спектаклі "Вечар", пастаўленым Валерыем Раеўскім па п'есе Аляксея Дударава. 

Народны артыст Рэспублікі Беларусь, лаўрэат Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у намінацыі “Тэатральнае мастацтва”, кавалер Ордэна Ламаносава, лаўрэат прэміі Ігната Буйніцкага, прызёр і лаўрэат міжнародных тэатральных і кінафестываляў, прафесар Акадэміі мастацтваў, а таксама — Ягайла, Карыцын, Менахем, Мнішак, Люнгстран, Джон, Ёран, Васіль, Шлёма, Шэваль, Харлампій Спірыдонавіч Дымба, Кум, Яша, Падкаморы, Жабрак, Крэонт... — усё гэта разнастайныя іпастасі цудоўнага артыста і мудрага чалавека Мікалая Кірычэнкі. Мікалай Міхайлавіч нарадзіўся ў сям’і кадравага афіцэра ва ўтульным беларускім гарадку Маладэчна амаль праз год пасля сканчэння вайны — 16 сакавіка 1946 года. З дзяцінства любіў тэатр, але, па словах артыста, ніякіх адносін да яго ні па роду дзейнасці, ні па сацыяльнаму становішчу не меў. Усё пачалося са школьнай самадзейнасці і тэатральнай студыі “Юнацтва”, дзе галоўным ў тыя 60-я гады было нават не столькі захапленне сцэнай, колькі той атмасферай адзінства і сяброўства, якая панавала ў творчым асяродку. Сям’я марыла пра тэхнічную прафесію для сына, але Мікалай зрабіў па-свойму: легальна пайшоў паступаць у палітэх, а нелегальна – у тэатральны інстытут, дзе патрапіў на курс народнага артыста БССР Дзмітрыя Аляксеевіча Арлова. Гэта была лёсавызначальная падзея. Выпускніка інстытута, якого немагчыма было не заўважыць, запрасілі на працу адразу некалькі тэатраў (у тым ліку і Купалаўскі). Але ў 1969 годзе першай прафесійнай сцэнай для маладога артыста стаў Брэсцкі драматычны театр, а ў 1971 годзе – Нацыянальны академичны театр імя Янкі Купалы. Такім чынам, Купалаўскаму тэатру Мікалай Кірычэнка служыць ужо 45 гадоў! У тым ліку амаль 5 гадоў у якасці дырэктара тэатра. 


 

Не заўважыць Кірычэнку – немагчыма. Ні на вуліцы, ні на сцэне. Гэтая адметнасць падмацавана цалкам унікальнай “небеларускай" знешнасцю, то бок змяшаннем украінскай і армянскай крыві. А таксама адметным, яскравым тэмпераментам, які парадаксальным чынам праяўляецца на тэатральнай сцэне. Усе ягоныя “адмоўныя” героі валодаюць магутнай чалавечай прывабнасцю, выклікаюць спачуванне і западаюць у душу. 

Каля 90 роляў сыграна артыстам у Купалаўскім тэатры. Згадайма спектаклі – “Дон Хіль — зялёныя штаны» Цірса дэ Маліна, «Ажаніцца не журыцца» Міхася Чарота, «Дзвон — не малітва» Івана Чыгрынава, «Тры сястры» АнтонаЧэхава, «Дзеці сонца» Максіма Горкага, «Крывавая Мэры» Дзмітрыя Бойкі, «Памінальная малітва» Грыгорыя Горына, «Гамлет» Уільяма Шэксьпіра, «Князь Вітаўт», «Чорная панна Нясьвіжа», Вечар», «Ядвіга» Аляксея Дударава, «Вяселле» Антона Чэхава, «Эрык XIV» Аўгуста Стрындберга, «Сны аб Беларусі» Уладзіміра Караткевіча, «Тутэйшыя» Янкі Купалы. Усіх не згадаць. 


 

У бягучым рэпертуары Майстар сцэны заняты ў спектаклях “Не мой” Алеся Адамовіча, “Ноч на Каляды” Мікалая Гогаля, “Лістапад. Андэрсен” Алены Паповай, “Пан Тадэвуш” Адама Міцкевіча, “Дон Жуан” Жана-Баціста Мальера, “Антыгона” Жана Ануя. Заняты ў рэпетыцыях прэм’ернага спектакля “Дзве душы” паводле Максіма Гарэцкага. 


 

Мае артыст і вельмі багатую фільмаграфію. Пачынаючы з 1972 года зняўся ў вялікай колькасці мастацкіх фільмаў, сярод якіх “Пастка для зубра”, “Птушкі без гнёздаў”, “Забіць камэдыяншчыка”, “У жніўні 44га”, “Анастасія Слуцкая” ,“Мужчыны не плачуць”, “Лісты Фэліні”, “Чалавек, які ведаў усё”, “Іронія ўдачы”, “Паляванне на гаўляйтэра” ды шмат-шмат іншых. Пасавалі Мікалаю Кірычэнку і на тэатральлнай сцэне і ў кіно вобразыі вялікіх князёў літоўскіх – Ягайлы ды Вітаўта. 

Мікалай Кірычэнка любіць тэатр. Намагаецца прывіць гэтую любоў сваім студэнтам у Акадэміі Мастацтваў. Кірычэнку любяць удзячныя гледачы. За шчырую інтанацыю, за ўменне прамаўляць са сцэны важныя рэчы і адначасова ствараць свой невымоўны свет. 

Віншуем Мікалая Міхайлавіча з 70-годдзем і зычым моцнага здароўя, плённых тэатральных сезонаў і магчымасцей здзіўляцца і здзіўляць сябе самога!

Відэа:

Загрузка плеера