Пайшоў з жыцця Сяргей Журавель

14 жніўня
Пайшоў з жыцця Сяргей Журавель
У нас страта: пайшоў з жыцця Сяргей Барысавіч Журавель, наш калега і сябар. 14 жніўня ў народнага артыста Беларусі спынілася сэрца.

Сяргей Барысавіч быў і назаўсёды застанецца для нас чалавекам яскравага таленту, шчодрай прыроднай індывідуальнасці. Натуральнасць і шчырасць яго акцёрскага існавання казалі самі пра сябе: гэта быў вялікі прафесіянал у справе, цудоўны партнёр на сцэне, добры іранічны суразмоўца, чалавек высокай культуры словаў і дзеяў.

Сяргей Барысавіч шмат здымаўся ў кіно, працаваў на радыё і тэлебачанні, яго аксамітны голас ведаюць сотні тысяч людзей па ўсёй краіне. У Купалаўскі тэатр ён прыйшоў у 2009 годзе ўжо вядомым артыстам, “без пяці хвілін народны”; як сам тады казаў “да людзей, якіх добра ведаю і люблю”.

У нашай памяці назаўсёды застануцца яго тэатральныя вобразы: незабыўны Марк у культавай пастаноўцы Мікалая Пінігна “Арт” па п’есе Язміны Рэза, імпульсіўны П’ер Брашан у камедыі “Вячэра з прыдуркам” Франсіса Вэбера, ірландскі "тутэйшы" Коўлмэн Конар у “Самотным захадзе” Марціна Макдонаха, таямнічы Ксёндз Робак у “Пане Тадэвушы” Адама Міцкевіча. Маючы вялікую папулярнасць і тысячы прыхільнікаў, ён заўсёды казаў, што галоўная роля яшчэ наперадзе.

Сяргею Барысавічу Жураўлю быў 61 год. Нашы спачуванні і словы падтрымкі для сям’і, родных і блізкіх народнга артыста.

Развітанне з Сяргеем Жураўлём пачнецца ў панядзелак 17 жніўня аб 11 гадзіне на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. З 12.30 да 13.00 адбудзецца грамадзянская паніхіда. Пахаваны артыст будзе на Усходніх могілках Мінска ў 14.00.

Галерэя: