"Паўлінку" паказалі на "Белай вежы"

22 верасня
"Паўлінку" паказалі на "Белай вежы"

Купалаўская “Паўлінка” завяршыла ў мінулыя выходныя праграму XX міжнароднага тэатральнага фестываля "Белая вежа" ў Брэсце.

Выступіць у культурнай сталіцы Беларусі-2015 былі запрошаныя калектывы, якія ў розныя гады атрымалі вышэйшую ўзнагароду брэсцкага форуму. Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы двойчы станавіўся трыумфатарам “Белай вежы”. Упершыню фестываль адбыўся ў 1996 годзе, тады ж купалаўцы вярнуліся адтуль з Гран-пры за спектакль “Ідылія” паводле п'есы "Сялянка" Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ў пастаноўцы Мікалая Пінігіна. У 2000-м годзе журы адзначыла ўзнагародай купалаўскага “Князя Вітаўта” па п’есе Аляксея Дударава “Купала” ў пастаноўцы Валерыя Раеўскага. Гледачы Брэста таксама бачылі  на фестывальных пляцоўках яшчэ і "Беларусь у фантастычных апавяданнях", "Чычыкава", "Сымона-музыку", "Макбет" і "Вяселле".

 


На святочным XX фестывалі не працавала міжнароднае прафесійнае журы, як адбывалася звычайна. На прагляды спектакляў з Арменіі, Беларусі, Балгарыі, Германіі, Грузіі, Ізраіля, Латвіі, Літвы, Малдовы, Польшчы, Расіі, Туніса, Украіны крытыкі і тэатразнаўцы былі запрошаныя ў якасці гасцей. Таму галоўнымі суддзямі сёлета былі толькі гледачы. Пазнаёміцца з “Паўлінкай” сабралася поўная зала Брэсцкага акадэмічнага драматычнага тэатра.


– У захапленні ад таго, што ўбачылі! – падзялілася ўражаннямі пасля прагляду брэстчанка Тамара Міхайлаўна. – Ужо глядзела “Паўлінку”, калі яе прывозілі ў Брэст раней. Калі бачым у афішы Купалаўскі тэатр, ідзем з сям’ёй абавязкова. Вельмі люблю гэты тэатр! Рэжысёр Пінігін з яго працамі падабаецца. Цяжка параўноўваць абноўлены ім варыянт спектаклю з тым даўнейшым, бо шмат часу прайшло. Цудоўная беларуская мова, гумар, непасрэднасць, шыкоўная праца мастака, які рабіў дэкарацыі і касцюмы. Ігра акцёраў выдатная! Стварылі шыкоўны настрой! Мне падаецца, гэта была яскравая кропка фестываля.

– Слухаў “Паўлінку” ўпершыню па радыё ў 50-я гады з Лідзіяй Ржэцкай і Глебам Глебавым, - далучаецца да размовы Георгій Сцяпанавіч. – З творам Янкі Купалы пазнаёміўся яшчэ ў 10-м класе, калі ўдзельнічаў у літаратурнай віктарыне па беларускім радыё. Адно з дзесяці пытанняў было “Хто выканаў ролю пана Быкоўскага ў спектаклі?” Я на ўсе пытанні адказаў, а на гэтае адказ прыйшлося доўга пашукаць. Знайшоў у часопісе “Беларусь” за 47-ы год, дзе было напісана пра народнага артыста Савецкага Саюза Барыса Платонава. Год 12-15 таму глядзеў спектакль у Купалаўскім тэатры. Цяпер ён для мяне зусім новы – іншыя акцёры. Але глядзець – адна асалода! Тут такі гумар каларытны, зразумелы ў любым узросце. Моладзі цікава, бо і пра каханне гаворка ідзе. Гэта класіка, карані нашай нацыянальнай культуры. Хаця б з-за гэтага трэба ведаць спектакль.

– Раней толькі па па тэлевізары бачылі “Паўлінку”. Вельмі радыя, што зараз на свае вочы паглядзелі. Шыкоўна! Купалаўцы малайцы! Трэба, каб часцей прыязджалі да нас! – лічаць Вера Мяфодзеўна і Соф’я Васілеўна.

– Як даведалася, што “Паўлінку” будуць паказваць, адразу купіла білеты, – расказала Вераніка. – Вельмі не хапае ў жыцці беларускай мовы! Хацелася паглядзець не эксперыментальны замежны тэатр, а штосьці сваё. Апошні раз год пяць таму бачыла гэты спектакль, таму зараз было цікава, што новага зрабілі. Безумоўна, розныя акцёры – розныя спектаклі. Не так даўно паказвалі ў Брэсце яго “Вячэру з прыдуркам”. апошні раз глядзела. Лічу, што Купалаўскі – гэта лепшы тэатр, які ёсць у нашай краіне.

Галерэя: