“Пана Тадэвуша” пакажуць у Парыжы

16 чэрвеня
Спектакль Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы “Пан Тадэвуш” 18 чэрвеня пакажуць у Парыжы падчас Дзён культуры Беларусі ў Францыі. Паказ пастаноўкі Мікалая Пінігіна паводле знакамітай паэмы Адама Міцкевіча арганізаваны па ініцыятыве Пастаяннага прадстаўніцтва Беларусі пры ЮНЭСКА і прымеркаваны да 180-годдзя напісання твора. Праект падтрыманы пастаяннымі прадстаўніцтвамі Польшчы і Літвы пры ЮНЭСКА.

Паказ адбудзецца на сцэне тэатра MC93 (Maison de la culture de la Seine-Saint-Denis). “Пан Тадэвуш” у Парыжы будзе ісці па-беларуску, але суправаджацца субтытрамі на французскай мове. Для іх падрыхтоўкі карысталіся перакладам Рабэра Буржуа 1992 года.

Манументальныя дэкарацыі Зіновія Марголіна, на якія падчас спектаклю выводзіцца відэапраекцыя фрагментаў фільма “Пан Тадэвуш” Анджэя Вайды (1999) і аднайменнай нямой карціны Рычарда Ардынскага (1928), ужо знаходзяцца на шляху да Францыі. Артысты вырушаюць у Парыж сёння ўвечары. Публіка ўбачыць Паўла Харланчука-Южакова (пана Тадэвуша), Юлію Шпілеўскую (Тэлемену), Рамана Падаляку (графа Гарошку), народнага артыста Беларусі Сяргея Жураўля (Ксяндза), народнага артыста Беларусі Арнольда Памазана (Вознага), Заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Аляксандра Падабеда (Суддзю) і іншых. Пасля выступу ў Францыі спектакль пакажуць у Мінску 6 і 7 ліпеня.

“Пан Тадэвуш” — гэта мастацкая энцыклапедыя жыцця Беларусі канца ХVІІ — пачатку ХІХ стагоддзя, напісаная геніяльнай рукой паэта-патрыёта. Сусветная класіка, спектакль-напамінанне пра Беларусь, пра складанасць яе нацыянальна-гістарычнага шляху. І менавіта ў Парыжы Адам Міцкевіч напісаў гэты твор 180 год таму.

Парыж стаўся для Міцкевіча апошнім жыццёвым прыстанкам і яскравай старонкай біяграфіі. З кафедры Калеж дэ Франс паэт чытаў свае славутыя лекцыі па славянскіх літаратурах. Шлях Міцкевіча да парыжскай эміграцыі, дзе ў 1834 г. паўстаў “Пан Тадэвуш” праходзіў праз Беларусь, дзе ён нарадзіўся, Літву, дзе вучыўся, Расію, дзе пасябраваў з Пушкіным, Італію і Швейцарыю, дзе вандраваў, Германію, дзе ён наведаў старога Гётэ. Ягонымі знаёмцамі былі Шапэн, Бальзак, Жорж Санд, Гюго. Але думкамі ён нязменна вяртаўся да каханай Наваградчыны і яе жыхароў. У аснове паэмы – канфлікт паміж двума шляхецкімі родамі, які раскрывае цэлую галерэю яскравых характараў патрыятычна настроенай шляхты часоў ваеннай кампаніі Напалеона.

Дзякуй усім нашым сябрам, якія нас падтрымалі і дапамаглі ажыццявіць гэтую паездку!

Галерэя: