Страта

30 чэрвеня
Страта
Сёння пайшоў з жыцця Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Сяргей Краўчанка. Глыбока смуткуем і выражаем шчырыя словы спачування і падтрымкі сям’і, родным, блізкім і сябрам Сяргея Усеваладавіча.

Сяргей Краўчанка нарадзіўся 13 мая 1949 года ў Мінску. Яшчэ ў школе атрымаў мянушку Артыст. Адразу пасля заканчэння тэатральнага факультэта Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута па спецыяльнасці «Акцёр драмы і кіно» (курс У. Маланкіна) прыйшоў у Купалаўскі тэатр, які больш за 40 год называў сваім родным домам.

Актор увайшоў сюды хлопчыкам з «Пунсовай кветачкай» і «Раскіданым гняздом», а потым хутка стаў у адзін шэраг са шматлікімі знакамітымі купалаўцамі. Літаральна ў маі артыст адсвяткаваў 65-годдзе. За апошні год ён сыграў прэм’еру за прэм’ерай — Ксёндз ў «Дзядах» Тэатра «Ч», Возны ў «Пане Тадэвушу», Дыманш у «Дон Жуане». Ішла падрыхтоўка да чарговай прэм’еры «Тата» ў Купалаўскім...

Сяргей Усеваладавіч казаў, што для яго выратаванне ад любых нягод — магчымасць апрануць касцюм іншага чалавека і праз сцэну трапіць у іншы свет, размаўляць там вочы ў вочы з незнаёмымі людзьмі. За гэтыя падарожжы і размовы артысту ўдзячныя мільёны людзей.