Святлана Некіпелава. Успаміны тэатральныя і не толькі

19 лютага
Святлана Некіпелава. Успаміны тэатральныя і не толькі

На пачатку лютага артыстка Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Святлана Некіпелава адсвяткавала юбілей. Натуральна, перасякнуўшы пэўную ўзроставую мяжу, чалавек не можа абысціся без думак пра мінулае і ўспамінаў. Некаторымі з іх пасля свайго свята актрыса вырашыла падзяліцца.




Пра бацькоў і дзяцінства ў ваенным гарнізоне

У мяне бацька ваенны лётчык. Ён лятун і лірык. Пісаў вершы, граў на баяне, спяваў. Вельмі любіў прыроду, лес, рыбалку, паляванне. Ад яго ў мяне вялікая адказнасць за ўсё па жыцці. Часам нават нядобра ад яе. А мама скончыла фінансавы тэхнікум у Арэнбургскай вобласці. Бацьку паслалі туды падчас вайны вучыць маладых лётчыкаў. Усё жыццё ён сам вучыўся і іншых вучыў. Таму мы шмат ездзілі па ўсёй краіне. Для жанчын у гарнізонах працы амаль не было, але мама, якая добра шыла, збірала вакол сябе жонак ваенных і вучыла іх гэтаму. Я заўжды хадзіла ў эксклюзіўнай вопратцы, была самая модная. Мама чытала нам з брацікам казкі, вадзіла на прыроду. А потым мы пераехалі ў Мачулішчы, дзе я школу скончыла. Бацька быў там начальнікам гарнізона. Мама стала займацца зямелькай, садам, агародам. І цяпер, калі дрэўцы каля дома пладаносяць, я думаю, што матуліны ручкі рабілі ўсё гэта.

Пра аўтарытэтную настаўніцу

У тэатр мяне настаўніца прывяла. Тады я вучылася ў Пскоўскай вобласці ў горадзе Востраў на рацэ Вялікай. І настаўніца па літаратуры не толькі прывіла мне любоў да літаратуры, але і адкрыла мне Чэхава. Неяк сказала: “Трэба паспрабаваць стаць актрысай. Табе ёсць што сказаць людзям. А гаварыць пра тое, што цябе хвалюе, можна толькі са сцэны”. Самой мне і ў галаву не прыйшло б такое. Бацькі мяне не адгаворвалі – толькі настаўнікі. Ды і сама я не была блізка з тэатрам знаёмая. Хутчэй за ўсё, ён быў у маім уяўленні.

Пра першае замужжа

На чацвёртым курсе мы ажаніліся з Валерыем Анісенкам. Спачатку нас абодвух узялі ў Віцебскі тэатр. У 1965 годзе мы гралі з ім п’есу Яніса Райніса “Вей, вецярок”, якую паставіў прыбалтыйскі рэжысёр Альгерт Кродэрс. Памятаю, Барадулін пераклад рабіў, і так добра п’еса прагучала. Прытым я не была прызначаная адразу на роль. Гэта Кродэрс папрасіў, каб мяне ўзялі ў “Вей, вецярок”. Толькі ад аднаго яго даверу вар’яцела. Ён вучыў мяне: “Не хвалюйся, дзіцёнка трэба вынасіць”. Разам са мной там гралі адразу некалькі аднакурснікаў – Віялета Кліменка, Бора Сіўко, Тадэвуш Кокштыс. Адчувала іх падтрымку. Мой творчы лёс у Віцебску вельмі добра складваўся. Але нас з Анісенкам запрасілі ў Купалаўскі. Я, можа, яшчэ папрацавала б у Віцебску, але Валерыя ўзялі ў армію. Ён сказаў: “Калі ты там застанешся, значыць, ты мне здрадзіш”. Яшчэ мама тады захварэла ў Мачулішчах. Вось я і пераехала ў Мінск.Праводзіла мужа ў армію, а потым пайшла ў ваенкамат: “Ён акцёр, працуе ў тэатры. Навошта яго куды-небудзь пасылаць?” За сябе не пайшла б ніколі прасіць. А за яго пайшла. І мяне паслухалі, ўзялі мужа ў вайсковы ансамбль песні і пляскі. Ён вёў праграмы, чытаў вершы. Прыходзіў глядзець мае спектаклі. Потым таксама ўвёўся ў тэатр і шмат граў. Але яму хацелася самастойнасці. Ён пайшоў вучыцца на рэжысуру, а потым у іншы тэатр.

Пра прыход у Купалаўскі

Купалаўскі тэатр – гэта ж мара. Эрын мне казаў: “Мы збіраем усіх найлепшых акцёраў Беларусі ў нашу тэатральную скарбніцу”. У такое верыш, безумоўна. Але я трапіла сюды ў такі час, калі не вельмі хацелі, каб лішнія жанчыны прыходзілі. Няпроста было спачатку. Так заўжды ў тэатры здараецца: хочацца працаваць, а акрамя цябе ёсць яшчэ некалькі актрыс, сходных па тыпажы і ўзросце.

Пра гісторыю, якая навальваецца

Якім неверагодным быў на сцэне Платонаў. Адначасова Быкоўскі ў “Паўлінцы”, а потым Эзоп у спектаклі “Ліса і вінаград”. Шкада, што цяпер моладзь не ведае карыфеяў, не памятае, што было ў вытоках тэатра. Уладамірскі, Рахленка, Ржэцкая, Ждановіч… Такія глыбы! Настолькі самабытныя асобы. Я грала “Трыбунал” у боціках Ірыны Фларыянаўны Ждановіч. У яе таксама была маленькая ножка. Мне касцюмер прынесла і сказала: “Ведаеш, хто ў гэтых боціках граў у “Канстанціне Заслонавым”? Уяўляеце, якая гісторыя на нас навальвалася?

Пра любоў

Мневельмі падабалася працаваць, калі Барыс Іванавіч Луцэнка ставіў у нас “Раскіданае гняздо”. Віялетта Кліменка пачынала граць Зоську, потым яна з’ехала, і я стала Зоськай. Склад у нас быў надзвычайны: Кармунін, Белахвосцік, Гарбук, Уладамірскі, Станюта… Зоська – увасабленне любові. І я лічу, што я там не ўсё сказала. Бо самае складанае ў жыцці – гэта любіць людзей. Вы зможаце любіць усіх? Тых, хто дрэнна да вас ставіцца? А Зоська была любоўю. Яна ўсю сям’ю аб’ядноўвала сваім болем за кожнага, тым, што іх любіла. І цяпер, як ні дзіўна, я думаю пра гэтую ролю.

Пра тэатр

Я разумею, што гэта месца, дзе можна казаць пра тое, што цябе хвалюе, што табе важна. Адкуль яшчэ можна людзям сказаць, што самае галоўнае на свеце – дабро, любоў, давер? Са сцэны праз вобразы. Кіно таксама, але там няма такога кантакта з залай. Мы шмат залежым ад таго, хто і што ставіць, як складзены рэпертуар. Ну няма цяпер спектакляў у рэпертуары – і хоць ты трэсні. Тэатр усё адно застаецца самым галоўным у жыцці. Хочацца яшчэ штосьці сыграць. Не адчуваю ўзроста. Душа яшчэ гатовая тварыць.

Пра кіно

У кіно няма прамога кантакту з гледачом, але ёсць партнёрства. Вось нядаўна мы сцэну сыгралі з адной маскоўскай актрысай і абняліся: “Дзякуй”. І я зразумела, што штосьці харошае адбылося. Мне заўсёды даюць хай і невялікія, але душэўныя ролі. Больш за ўсё пашанцавала, калі прыехала Вера Глаголева здымаць фільм і адразу сказала мне: “Я зразумела, што вы наш чалавек”. І без проб узяла. На здымках “Выпадковых знаёмых” была вельмі камфортная творчая атмасфера.

Пра змены светапогляду

Заўважаю, як з часам змяняецца светапогляд. Напрыклад, штосьці перачытваеш і думаеш, як жа ты не разумела, што тут вось гэта галоўнае. Для гэтага нам і дадзены ўзрост: каб працягваць сябе ўдасканальваць, спрабаваць зразумець гэты свет, адказаць сабе на пытанне, навошта ты сюды прыйшоў.

Пра людзей

Лічу, што людзі прыходзяць на гэтую зямлю не для таго, каб праславіцца, а для таго, каб працаваць над сабой усё жыццё. Вучыцца не крыўдзіцца, не злавацца, не крывіць душой. Аддаваць штосьці іншым, вучыцца ў іншых, дапамагаць іншым. Я і цяпер вучуся не крыўдзіцца. Чаму ўзнікаюць розныя хваробы? Таму што людзі носяць у сабе крыўду. І апошняя мая работа на ўзроўні думак – вучыцца нікога не крытыкаваць і не асуджаць. Калі ты думаеш, што хтосьці штосьці робіць не так, гэта значыць, што ты штосьці не так робіш. Трэба з сябе пачынаць змяняць свет. Калі ты сабою заняты, табе няма калі на недахопы другіх глядзець. І мы так звыклі крытыкаваць! А ты не крытыкуй, а пашлі добрыя пажаданні людзям.

Пра дзяцей

Мая дачка Аня спачатку скончыла літфак, потым рэжысуру. Цяпер працуе ў Гарцуева ў тэатры беларускай драматургіі актрысай. І клоўнам-смехатэрпеўтам Нюшай ў анкацэнтры ў Бараўлянах. У мяне ўжо праўнучка нарадзілася. Станіславачка. А наша сярэдняя хутка скончыць харэаграфічны. Анюта яшчэ хлопчыка ўзяла Дзімачку, яму шэсць год.