Генадзю Гарбуку — 80. Віншуем!

24 ліпеня
Генадзю Гарбуку — 80. Віншуем!
Сёння Народнаму артысту Беларусі, лаўрэату Дзяржаўных прэмій СССР і Беларусі, знанаму акцёру Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Генадзю Гарбуку спаўняецца 80 год.

Пра яго напісана і знята ўжо столькі, што сказаць штосьці новае складана. Але ўсё ж такі яшчэ засталіся малавядомыя рэчы з біяграфіі актора, пра якія варта ўзгадаць. Актор 007 (так называюць яго ў тэатральным коле, бо медаль, уручаны Генадзю Гарбуку як Дзяржпрэмія, быў пазначаны менавіта такім нумарам) нарадзіўся ў вёсцы Глыбачка Ушачскага района.У верасні 1941 года павінен быў пайсці ў школу, але сеў за парту толькі пасля вайны. Потым стаў адзіным хлопчыкам у школьным танцавальным ансамблі, нават кіраваў самадзейнасцю. І нягледзячы на гэта хацеў усё ж такі быць урачом, геолагам ці лётчыкам. Але стаў вучнем Дзмітрыя Арлова ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце.


Некаторыя дрэвы і кусты, што можна ўбачыць каля Вялікага тэатра оперы і балета, пасаджаныя менавіта Генадзем Міхайлавічам – калісьці акцёрскае аддзяленне цяперашняй Акадэміі мастацтваў знаходзілася на першым паверсе опернага тэатра, таму студэнты часта займаліся акультурваннем прылягаючых тэрыторый.

 Пасля вучобы артыст вывеў для сябе такую творчую формулу: “Перад кожнай новай роллю я нічога не ведаю, нічога не ўмею і вучуся наноў”. Спачатку выкарыстоўваў яе падчас працы ў Беларускім тэатры імя Якуба Коласа ў Віцебску, а ў 1962 годзе прыйшоў у Купалаўскі і вось ужо больш за 50 сезонаў працуе тут.



Першы выхад на купалаўскую сцэну стаў крывавым у прамым сэнсе слова – артыст прабіў цвіком нагу, калі граў у масоўцы спектакля “Паўлінка” і ішоў па лесвіцы за кулісы. Безумоўна, знакавай для артыста стала роля, нават ролі ў “Людзях на балоце” – спачатку Васіль Дзятлік у аднайменным тэлеспектаклі, затым у пастаноўцы Барыса Эрына на купалаўскай сцэне, а потым яшчэ і бацькі Ганны Цімоха Чарнушкі ў фільме Віктара Турава. Менавіта за выкананне ролі Васіля ў тэлевізійным спектаклі ўзнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі (1966 год), за выкананне ролі Чарнушкі ў мастацкім фільме Турава – Дзяржаўнай прэміяй СССР (1984).



Першая роля Генадзя Гарбука ў вялікім кіно – камандзір партызанскага атрада ў “Паланэзе Агінскага” Льва Голуба 1971 года. Але вядомым ва ўсім Саюзе артыст стаў пасля выхаду ў 1983 годзе на экраны камедыі, якая ўжо даўно атрымала статус народнай, “Белыя росы”, дзе ён выканаў ролю старэйшага сына ў сям’і Ходасаў Андрэя.

 Генадзь Міхайлавіч – адзін з нямногіх беларускіх артыстаў, што здымаліся ў Парыжы. У 1987 годзе разам з Інакенціем Смактуноўскім і Леанідам Бранявым Генадзь Гарбук удзельнічаў там у здымках фільма Тамары Лісіцыян “Загадкавы спадчыннік”. А стужка Міхаіла Пташука “Знак бяды”, дзе акцёр сыграў Петрака, ўвайшла ў першую дзясятку еўрапейскіх фільмаў пра вайну, а партрэт Генадзя Гарбука з’явіўся ў Лонданскім музеі кінамастацтва.



Народны артыст Беларусі Генадзь Гарбук яшчэ і ўладальнік медаля Францыска Скрыны (1995), лаўрэат прэміі “За духоўнае адраджэнне” (2007), лаўрэат Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2004) і спецыяльнага прыза “За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве”, уладальнік прэміі Беларускага саюза тэатральных дзеячаў “Крыштальная Паўлінка” (2010).



Сёння яго імя сустракаецца амаль у кожнай афішы з купалаўскімі спектаклямі – Дзед Курыла ў “Сымоне-музыку”, Мікіта ў “Вечары”, Ціхон Пратасавіцкі ў “Пінскай шляхце”, Еўдакім Захаравіч Жыгалаў ў “Вяселлі”, Кучэра ў спектаклі “Не мой”, Чарнушка ў “Людзях на балоце”, Палкоўнік у спектаклі “Лістапад. Андэрсен”. Зараз Генадзь Міхайлавіч заняты падрыхтоўкай да новай пастаноўкі “Тата”, прэм’ера якой адбудзецца восенню 2014 года. 


Свой юбілей на тэатральнай сцэне народны артыст адзначыць 27 верасня 2014 года творчым вечарам “Песні майго жыцця”, дзе публіка ўбачыць яго ў ролі спевака.



Галерэя: