У Сяргея Жураўля – юбілей!

02 чэрвеня
У Сяргея Жураўля – юбілей!

Народны артыст Беларусі Сяргей Журавель адсвяткаваў 1 чэрвеня 60-гадовы юбілей. У мінулым артыст Дзяржаўнага моладзевага тэатра, “Нікаля-тэатра”, уладальнік прэміі Ленінскага камсамола Беларусі за ролю аляняткі ў спектаклі “Бэмбі”, радыё і тэлевядучы, выкладчык рэжысуры і акторскага майстэрства ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў Сяргей Барысавіч Журавель сёння вядомы большасці гледачоў як зорка купалаўскай сцэны. У Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы акцёр працуе толькі пяць год, але яго імя – ледзь не на кожнай афішы Купалаўскага.

- Шмат роляў было ў маёй тэатральнай біяграфіі, пра якія прыемна ўзгадваць, – расказвае Сяргей Журавель. – Герой Вялікай Айчыннай вайны Сяргей Цюленін, прыклад для пераймання хлопчыкаў 1960-1970-х год – мая першая праца на прафесійнай сцэне. Граў і вялікага мастака Сальвадора Далі. А яшчэ тэатр падарыў сустрэчу з рэжысёрам Мікалаем Пінігіным – вось гэта падзея без перабольшвання знакавая. Я і ў Купалаўскі прыйшоў не выпадкова, бо тут працуе Пінігін. Знайсці свайго рэжысёра, вызначыць прыярытэты ў творчасці для акцёра надзвычай важна. 

Купалаўцы віншуюць Сяргея Барысавіча з юбілеем і зычаць, каб кожны дзень прыносіў як мага больш шчаслівых хвілін!

Галерэя: