У Сяргея Краўчанкі – юбілей!

13 мая
У Сяргея Краўчанкі – юбілей!

Сёння Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, актор Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Сяргей Краўчанка святкуе юбілей.




Першыя спектаклі Сяргей Краўчанка граў на балконе свайго дома па вуліцы Энгельса ў Мінску. Потым перайшоў на іншую сцэну, што знаходзілася літаральна праз дарогу – ужо больш за 40 год Сяргей Усеваладавіч працуе ў Купалаўскім тэатры, куды трапіў адразу пасля заканчэння Акадэміі мастацтваў.



– Пачыналася мая акцёрская кар’ера з жудаснай гісторыі, – расказвае Сяргей Краўчанка. – Перад прэм’ерай “Раскіданага гнязда” Янкі Купалы, дзе ў мяне была роля Данілкі, атрымаў позву ў армію з чырвонай пазнакай: “Забраць неадкладна. Прасачыць за адпраўкай”. Рэжысёр Барыс Луцэнка кінуўся ў ваенкамат мяне выратоўваць, але марна. Пасля мы даведаліся, што колішні міністр абароны Грэчка прынцыпова загадаў забраць “усіх гэтых акцёрыкаў і інтэлігенцікаў”. Мне давялося будаваць БАМ, і толькі амаль праз два гады змог вярнуцца ў тэатр.



Спачатку былі эпізоды, потым даводзілася і Бабу-Ягу граць у дзіцячых пастаноўках, затым яму сталі даваць ролі з твораў Астроўскага, Чэхава, Дастаеўскага. Цяпер у актора прэм’ера за прэм’ерай – Возны ў “Пане Тадэвушу”, Дыманш у “Дон Жуане”. Зараз Сяргей Усеваладавіч рыхтуецца да спектаклю “Тата” паводле п’есы Дзмітрыя Багаслаўскага ў пастаноўцы Кацярыны Аверкавай.



– Усе мы штодня робім адно і тое ж: ходзім па справах, выпраўляем дзяцеў у школу, гатуем ежу… –гаворыць актор. – Але ў мяне ёсць шчаслівая магчымасць апрануць касцюм іншага чалавека і трапіць у новы свет. Для мяне гэта выратаванне ад усялякіх нягод. Па самых сціплых падліках за гады маёй працы ў Купалаўскім тэатры мяне ўбачылі некалькі мільёнаў гледачоў. У галоўных ролях ці эпізадычных – неістотна, але ж я размаўляў вочы ў вочы з мільёнамі людзей. 

Купалаўцы віншуюць Сяргея Усеваладавіча з юбілеем і зычаць, каб у яго жыцці адбылося яшчэ шмат падарожжаў у іншыя сусветы. Ды абавязкова з зацікаўленай публікай!

Галерэя: