Купалаўцы ў Томску

26 верасня
Купалаўцы ў Томску
Гэты сезон Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы пачаў у Томску. Менавіта там беларускі тэатр змог выжыць падчас вайны. Менавіта там паставіў сваю знакамітую “Паўлінку”. Менавіта там калектывам было прынята рашэнне звярнуцца да Савецкага ўраду з просьбай надаць тэатру імя Янкі Купалы – звацца купалаўцамі.

Купалаўцы ў Томску. 1941 год 

Вайна заспела Беларускі дзяржаўны тэатр на гастролях у Адэсе. Трупе давялося, не вяртаючыся ў Мінск, ехаць у Сібір. Гасцінны Томск прытуліў артыстаў і даў мажлівасць працаваць у будынку свайго гарадскога тэатра, дзе цяпер размяшчаецца Тэатр юнага гледача. З усіх канцоў Савецкага Саюза ў Томск сталі з’язджацца сваякі і былыя супрацоўнікі тэатра, якім выпала вырвацца з Беларусі.


Артысты рыхтавалі эстрадныя праграмы для сібіракоў, якіх накіроўвалі на фронт, цяжкапараненых, перавезеных у тыл, рабочых абаронных заводаў і калгаснікаў. Узнаўлялі найлепшыя спектаклі з тых, што гралі ў Мінску. Прычым ім даводзілася перавучваць ролі на рускай мове, дапамагаць рыхтаваць дэкарацыі, шыць касцюмы, рабіць бутафорыю і рэквізіт.

– У Томск з глыбінь Палесся прывозілі на лячэнне беларускіх партызанаў. Яны глыбока хвалявалі нас сваімі жывымі расказамі пра вайну і пакуты людзей, пра баявыя справы на Беларусі. Мы збіралі для партызанаў цёплую адзежу, ставілі спектаклі ў свае выходныя дні, сабралі сродкі на самалёт “Беларускі Дзяржаўны тэатр”. Адным словам – жылі для Перамогі, верылі ў яе, – узгадваў заслужаны артыст БССР Яўген Рамановіч. – Калі пасля вялікіх Сталінградскай і Курскай бітваў вайна наблізілася да Беларусі, тэатр арганізаваў дзве франтавыя брыгады са спецыяльна падрыхтаванай праграмай і паслаў іх: першую, пад кіраўніцтвам Глебава, на Калінінскі фронт, другую, на чале з Уладамірскім, у вызвалены Гомель. Самі мы ездзілі па Томскай вобласці і Нарымскім краі. Граць даводзілася ў незвычайных умовах – на плытах, на лузе, у школах, часам уначы альбо раніцай, прыстасоўваючыся да рыбацкіх умоў. Працавалі ўсе, не зважаючы на бытавыя цяжкасці, жылі тым, што прыйдзе час – і мы вернемся да сябе ў Мінск, будзем дбаць там пра аднаўленне і росквіт. Забыліся старыя спрэчкі і нязгоды; дух патрыятызму, адданасці абароннай справе з’яднаў усіх.

За час працы ў Томску з 1941 па 1944 год тэатр узнавіў 11 спектакляў і стварыў 14 новых. Сярод якіх – знакамітая “Паўлінка” ў пастаноўцы Льва Літвінава, што на працягу 70 год ідзе ў Купалаўскім тэатрам.

Толькі ў самім Томску артысты далі 870 спектакляў, якія паглядзелі 747 тысяч чалавек. А былі яшчэ гастролі ў Новасібірск і паездкі па раёнах вобласці ў 1943 годзе. Франтавая акцёрская брыгада дала 65 спектакляў і 71 канцэрт у дзейсных вайсковых частках арміі.

– Пасля вызвалення Мінска раней эвакуіраваны ў Томск з Беларусі драматычны тэатр выехаў на радзіму і атрымаў дазвол павезці з сабой усё, што магчыма перавезці па чыгунцы, – пісалі ў томскай газеце “Красное знамя” 10 мая 1945 года. – Увесь тэатральны гардэроб, жорсткае і мяккае абсталяванне сцэны, мэблю, аконныя рамы, дзвярныя праёмы, жалеза з даху… Усё, акрамя сцен, было звезена.

У 1980 годзе Барыс Бур’ян напісаў у часопісе “Мастацтва”, якім яму запомнілася пасляваенная сустрэча з тэатрам:

– Год сорак чацвёрты. Лета. Асляпляльна яснае сонца бязлітасна і шчодра кідае промні на задымленыя руіны мінскіх плошчаў і вуліц. Да абпаленых цаглін прымацоўваюцца афішы з такімі знаёмымі літарамі: “БДТ-1”. Прэм’ера ў Мінску – “Паўлінка” Я. Купалы. Першы Беларускі дзяржаўны тэатр вярнуўся ў вызвалены ад гітлераўскіх акупантаў родны горад.

Купалаўцы ў Томску. 1985 год

Першыя гастролі купалаўцаў у Сібір адбыліся толькі праз 40 год пасля вяртання з эвакуацыі ў Мінск.

– Ужо не памятаю дакладна, чыя гэта была ідэя, але 40-годдзе Перамогі мы адзначалі абменнымі гастролямі з Мінскам, – расказвае загадчык літаратурна-драматургічнай часткі Томскага абласнога тэатра драмы Марыя Смірнова. – Беларусаў чакалі. Я сама не бачыла спектакляў, бо знаходзілася ў Беларусі, але са словаў калег ведаю, што паказы прайшлі паспяхова. Прыйшло шмат гледачоў, якія ведалі тэатр з ваенных часоў: “Гэта ж наш тэатр прыехаў!”

З 1 па 30 жніўня 1985 года беларускі тэатр паказаў у Томску большую частку свайго тагачаснага рэпертуару: спектаклі “Паўлінка”, “Радавыя”, “Месье Амількар”, “Характары”, “Ажаніцца – не журыцца”, “Пагарэльцы”, “Вечар”, “Там і тут”, “Трыбунал”, “Верачка”.

– Гэта было незабыўна! – усміхаецца Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Зоя Белахвосцік. – Калі мы прыехалі, яшчэ стаяў той дом у Піянерскім завулку, дзе падчас эвакуацыі быў інтэрнат, у якім жылі нашыя артысты. Я стаяла перад ім, і мне падавалася, што ўсё гэта мне знаёмае. З дзяцінства чула ад мамы гісторыі пра Томск, пра тэатр, спектаклі, франтавую брыгаду на Калінінскім фронце, пастаноўку “Вечара камедый”.

– Нас вельмі цёпла прынялі, нават даводзілася граць дадатковыя спектаклі, – узгадвае мастацкі кіраўнік тэатра Мікалай Пінігін першую паездку ў Томск. – Як зараз памятаю чаргу на тры кіламетры на вуліцы Абруб – там знаходзілася адзіная крама са спіртным. Гэта ж быў час сухога закону. Але тамічы запыталіся ў нас па прыездзе, ці патрэбны нам алкаголь. Можа, у вас дні народзінаў хто-небудзь адзначае? Мы не вагаючыся адказалі, што ўся трупа нарадзілася ў жніўні. Тады нам прывезлі цэлую машыну са скрынямі з гарэлкай.

Купалаўцы гралі не толькі на сцэне Томскага драмтэатра, але і ў шматлікіх населеных пунктах ўздоўж Обі.

– Я тады працавала ў дэпартаменце па культуры, і мне даручылі суправаджаць беларускі тэатр, – расказвае тамічанка Эма Страшкова, якой у гэтым годзе споўнілася 77 год. – Тры тыдні мы плылі па Обі на цеплаходзе “Культработник”. Пакуль артысты давалі спектаклі, я шукала ім прадукты. Мясцовыя жыхары з ахвотаю дзяліліся тым, што мелі. Падказвалі, куды пайсці за лепшай сметанай. За час паездкі мы вельмі пасябравалі з артыстамі, перапісваліся потым. Стэфанія Станюта зрабіла мне каралікі з костачак. Сярожа Краўчанка выразаў для дачкі драўляную дудачку: “Воленьцы ад Воўка”.

Купалаўцы ў Томску. 2000 год

У наступны раз наш тэатр запрасілі ў Томск на святкаванне 150-годдзя драмтэатра. З 2 па 19 кастрычніка тамічы праводзілі тэатральны фестываль “Новае = старое”. Купалаўцы павезлі “Паўлінку” і “Лес”. На вакзале сустракалі з караваем і карагодамі. Павіншаваць томскі тэатр тады таксама прыязджалі калектывы з Навасібірска, Омска, Іркуцка, Навакузнецка.

– Томск адразу мяне ўразіў, – кажа артыстка Юлія Шпілеўская. – Там адчуваецца багацце гісторыі і традыцыі гэтага краю, прыроды і людзей. Дасюль памятаю высокія драўляныя дамы. У нас такога я не бачыла. Гэта быў моцны эмацыйны момант. Томск – фактычна месца перараджэння нашага тэатра, важная частка яго гісторыі. Я толькі пачынала граць Паўлінку. Многія рэжысёры, што прыязджаюць да нас з-за мяжы і прыходзяць на “Паўлінку”, раюць нам яе зберагаць. Яна ўжо стала інтэлектуальным помнікам. Гэта тое, чым мы ганарымся. І гэта з’явілася ў Томску.

Купалаўцы ў Томску. 2014 год

– Гэта вы гралі Верачку? – пытаецца незнаёмы мужчына каля ўваходу ў Томскі драмтэатр у Заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Алены Сідаравай. Пазнаў упадабаную актрысу нават праз 30 год.

Тых гледачоў, што бачылі купалаўцаў у 40-я гады, натуральна, ужо няма. Але тамічы, якія цікавяцца тэатрам, ведаюць, што за шыльдай на будынку Тэатра юнага гледача хаваецца вялікая гісторыя, што звязвае Томск з Мінскам.

– Дзякуй, што знайшлі час прыехаць да нас у нашыя святочныя дні, калі 70 год спаўняецца Томскай вобласці, 210 – губерніі, 410 – гораду, – вітаў тэатр намеснік Губернатара Томскай вобласці Андрэй Кнор перад паказам “Паўлінкі”.

– Спектакль, безумоўна, змяніўся, але па-ранейшаму не выходзіць за межы жанру народнай камедыі, – зазначыла загадчык літаратурнай часткі драмтэатра Марыя Смірнова. – У 44-м годзе, напэўна, зоркі так сышліся, што і акцёры падабраліся моцныя, і абставіны так склаліся, што ў нашым горадзе нарадзілася “Паўлінка”. Мы памятаем пра гэта. І цікавасць да спектакля захоўваецца – пра гэта сведчыць поўная зала на 700 месцаў.

Паказ спектакля “Ноч на Каляды” – і зноў у зале драмтэатра аншлаг, а ў касе Тэатра юнага гледача чэргі за квіткамі на “Офіс”. Гледачы шэпчуцца: “Які прыгожы тэатр!” І ўжо гатовыя сустракаць купалаўцаў зноў.

Галерэя: