Тыдзень Купалаўскага тэатра ў БДПУ імя М. Танка

22 лютага
Тыдзень Купалаўскага тэатра ў БДПУ імя М. Танка
З 23 па 26 лютага Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы прадставіць студэнтам і выкладчыкам Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта імя Максіма Танка чатыры спектаклі. 

Акцыя “Тыдзень Купалаўскага тэатра ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка” распачнецца 23 лютага а 14-й гадзіне славутым спектаклем “Вечар” Аляксея Дударава ў пастаноўцы Валерыя Раеўскага з удзелам Народнага артыста СССР і Беларусі Генадзя Аўсяннікава, Народнага артыста Беларусі Генадзя Гарбука і Заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Тамары Міронавай



24 лютага а 14-й гадзіне у ВНУ пакажуць спектакль “Старамодная камедыя” Аляксея Арбузава ў пастаноўцы Валерыя Раеўскага, 25 лютага а 14-й гадзіне “ГендэльБах” Паўля Барца ў пастаноўцы Генадзя Мушперта, 26 лютага а 14-й гадзіне апошняя купалаўская прэм’ера “Шабаны” Альгерда Бахарэвіча ў пастаноўцы Алены Ганум. 



Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы і Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка даўно звязваюць шчыльныя прафесійныя кантакты і творчае супрацоўніцтва. На працягу апошніх васьмі гадоў (з 2008 года) адбыліся дзясяткі сустрэч, выязных спектакляў і спецыяльных паказаў для студэнтаў, выкладчыкаў і супрацоўнікаў галоўнай педагагічнай вышэйшай навучальнай установы краіны. 



З 2015 года пачаўся новы этап творчых адносін паміж установамі: Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы і Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве і далі пачатак новай традыцыі святкавання Дня ведаў 1 верасня спектаклем “Паўлінка” на ўніверсітэцкай сцэне. Для Купалаўскага тэатра гэта асаблівы гонар распачынаць тэатральны сезон за некалькі дзён да афіцыйнага адкрыцця і даваць спецыяльныя паказы для студэнцкай моладзі. Рэктар універсітэта Аляксандр Іванавіч Жук з ахвотай і прыязнасцю падтрымлівае і развівае гэтую традыцыю. У апошнія гады колькасць гледачоў і тых, хто марыў трапіць на ўніверсітэцкую “Паўлінку”, так павялічылася, што ў праграме з’яўляюцца дадатковыя паказы.