Вясельнае падарожжа

19 ліпеня

Спектакль “Вяселле” ў Мінску зараз не ўбачыць. Іспанія, Грузія, Францыя, Румынія, Расія, Украіна – сумесная пастаноўка Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Міжнароднай канфедэрацыі тэатральных саюзаў і Міжнароднага тэатральнага фествалю імя А. Чэхава пры падтрымцы Міждзяржаўнага фонда гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў-удзельніц СНД гастралюе па свеце ўжо некалькі год. Толькі ў чэрвені “Вяселле” паказалі на Міжнародным тэатральным фестывалі ў Сібіу і на Чэхаўскім фестывалі ў Маскве. Актрыса Зінаіда Зубкова, якая выконвае ў спектаклі ролю маладой нявесты Дашанькі, расказала, з чаго ж пачалося вялікае вясельнае падарожжа Купалаўскага тэатра.


– Рэжысёр Уладзімір Панкоў паглядзеў фільм “Вяселле” 1944 года з Ранеўскай і Гарыным. Так атрымалася, што амаль адразу ж яму пазваніў Валерый Іванавіч Шадрын, дырэктар Чэхаўскага фестывалю: “Давай зробім сумесны спектакль з Беларуссю”. І першае, што прыйшло Панкову ў галаву, – “Вяселле”.

Там дзесяць старонак тэксту. Але ў нас на афішы напісана не “Чэхаў”, а “паводле Чэхава”. Панкоў прадумваў менавіта чэхаўскі пачатак: дабро, спачуванне, у чалавеку ўсё павінна быць выдатна і г.д. Тут дапамог Валерый Мікалаевіч Раеўскі, які быў галоўным рэжысёрам і пагадзіўся на гэтую аванцюру. Бо ўсе з самага пачатку думалі, што гэта аванцюра. 

 Чаму?

– Прыехала група з Масквы: рэжысёр Уладзімір Панкоў, былая балерына Вялікага тэатра Алена Багдановіч, якая працавала над пластыкай спектакля, каардынатар Чэхаўскага фестывалю Каця Чароміна. Яны праглядзелі “Паўлінку”, “Ідылію” і “Дзеці Ванюшына”. І ўсюды я грала. Панкоў мяне ўбачыў у “Паўлінцы” і сказаў: “О, гэта будзе мая нявеста”.

Першапачаткова ў яго не было бачання, якім атрымаецца гэты спектакль. Ён пазваў усіх, каго палічыў патрэбным, у рэпетыцыйную пагаварыць. З жанчын была адна я. Некаторыя з нашых акцёраў падумалі: “Прыехаў бабло зняць з беларусаў і паедзе”. Таму адказалі яму: “Прабачце, нам трэба ісці”. А Панкоў нікога не трымаў, сказаў, што ў яго пакуль няма канцэпцыі і мы будзем разам шукаць ход гэтага спектакля”.

– Як Вы адрэагавалі на прапанову сыграць менавіта ролю нявесты?

– Панкоў папрасіў мяне застацца: “Мы хочам Вам прапанаваць галоўную ролю”. Першае, што ў мяне ў галаве – Маман. Божа мой, думаю, у нас такія актрысы на Маман моцныя і цікавыя. Мне там рабіць няма чаго! А пра нявесту я ўвогуле не думала. У нявесты толькі адна фраза: “Маменька, я такая шчаслівая, такая шчаслівая. Маменька, чаму вы плачаце”. Больш у яе тэксту няма. Я не магла зразумець нічога. Яны кажуць: “Ролю нявесты”. У мяне быў шок. Мне столькі год. І нявесту… Якім месцам? Я таксама думала, як наш глядач. Ледзь не расплакалася. Яны засмяяліся і сказалі: “Убачымся восенню”.

Нікому ў тэатры не сказала пра прапанову Панкова. Толькі дачцэ. І на першай чытцы, калі дайшлі да нявесты, я маўчала. Хтосьці з акцёраў стаў нервавацца: “Ну, дзяўчаты, хто-небудзь, давайце, чытайце!” І раптам рэжысёр кажа: “Зінаіда Пятроўна, пачынайце”. У калег было такое ж, як у мяне, першае ўспрыняцце. І ўсе зразумелі, што тут штосьці іншае будзе адбывацца.

– І наколькі па-іншаму быў пабудаваны рэпетыцыйны працэс?

– Гэта была кожнадзённая праца, вельмі цяжкая, бо трэба было шмат убіваць у рукі-ногі, Стравінскага спяваць. Мы працавалі, як воўкі. Але гэта было настолькі цікава! Прычым мы гралі яшчэ і іншыя спектаклі, пасля якіх адразу ж беглі на рэпетыцыі. Такога не было за ўвесь час, што я працавала. Раеўскі назіраў за кожнай рэпетыцыяй, Коля Пінігін перыядычна прыходзіў. Гена Аўсяннікаў напачатку сядзеў такі хмуры, а потым вочкі раскрыў. І калі мы дайшлі да яго сцэны, ён вельмі шмат прыдумаў сам. Як і я. Панкоў у гэтых адносінах вельмі давярае акцёрам. Можна горы звярнуць, калі рэжысёр табе давярае. Ён казаў мне: “Зінаіда Пятроўна, Вы больш за мяне пражылі, у Вас эмацыйнасць вельмі блізкая да гераіні тут. Я іду ад Вас, дапамагу Вам, але спачатку Вы рабіце самі”. У яго фантазія развіта настолькі, ды ён і акцёр выдатны. Мы так заўзята працавалі, што вельмі сплаціліся. Колькі ні ездзілі на гастролі, у нас ніколі не адбылося ніякага скандалу. Усе працуем на спектакль. І яго паўсюль добра прымаюць.

– Апошні раз спектакль выязджаў у Маскву. Але гэта ўжо другі выступ на Чэхаўскім фестывалі.

– Зараз у Маскве нас чакалі. Таму што пра “Вяселле” шмат гаварылі. Першы раз у 2009 годзе мы сыгралі чатыры спектаклі ў тэатры Фаменка. Зараз у нас была ўжо зала Тэатра імя Массавета амаль на тысячу месцаў. Гэта павага да нас, і надзея, і вера, што поспех паўторыцца. Але поспех быў нават большы. Вось гэта дзіўна. Зал быў поўны, нягледзячы на гарачыню ў першы вечар і лівень у другі. У Маскве нас прымалі так, як нідзе. Ім не трэба глядзець на цітры, хаця замежнікі таксама ў фінале ўжо не глядзяць. Маскоўскія гледачы рэагавалі на ўсё. А калі мы выйшлі з тэатра пасля спектаклю, рапатам раздаліся апладысменты. Такога ўдзячнага гледача я яшчэ не бачыла!

– А чым адрозніваецца рэакцыя гледача на “Вяселле” за мяжой?

– Першы раз была Масква. Было дзіка халодна, мы страшэнна хваляваліся. Зараз мне ўжо цяжка адразу ўставаць, а раней мы сядзелі за паўгадзіны да пачатку спектакля перад гледачамі. Мая другая палавіна-віяланчэль у чорным, я і Маман. На першы паказ гледачы прыйшлі хвілін за пятнаццаць-дзесяць. На чацвёртым спектаклі Райкін сядзеў ужо на прыстаўным крэсле. Потым быў Піцер. Мы думалі, што ніхто не прыйдзе. Працавалі ў старым тэатры ТЮГу. Але сабралася таксама поўная зала. Кіеў цудоўна нас прыняў. Цікава адрэагаваў Тбілісі. Бо грузіны – вельмі эмацыйныя людзі. У Мадрыдзе мы таксама гралі некалькі вечароў запар і вельмі хваляваліся. Але нас падтрымала беларуская суполка. Нашы суайчыннікі прыехалі не толькі з Мадрыду. Яны былі ў шытых сарочках з тканымі паясамі і так плакалі, калі ішлі міма нашых грымёркак, а потым яшчэ пачулі “Алеся, Алеся, Алеся…” (у спектаклі гучыць песня “Алеся”). Вельмі нерваваліся перад выступам у Парыжы. Тэатр дэ ля Віль, дзе нас прымалі, вельмі знакаміты. І калі мы першы раз адыгралі, узнікла паўза… Мы стаім з Генам уверсе, не разумеем, што не так. І рапатам такія апладысменты! Другія гастролі па Францыі гэтай восенню таксама атрымаліся ўдалыя. Валерый Іванавіч Шадрын прывёў дырэктара Эдынбургскага фестываля Джонатана Мілза, які сказаў: “Я халасты, але на Ваша “Вяселле” я б з задавальненнем прыйшоў”. І ён вельмі хацеў, каб спектакль паехаў на фестываль. Але зараз там ваенная тэма, таму мы не трапілі ў праграму. У Францыі вельмі часта ладзіліся сустрэчы з гледачамі. Пасля спектаклю яны не сыходзяць, задаюць пытанні.

– І што часцей за ўсё пытаюцца?

– Адна жанчына сказала, што шмат глядзела Чэхава праз пераклады, але такога ўбачыла ўпершыню і гэта вельмі цікава. Часцей за ўсё пытаюцца, як мы злучыліся, беларусы і рускія. Шмат падзяк выказваюць. І рэдка сустракаецца такая рэакцыя, што штосьці не зразумела. Замежнікі амаль адразу разумеюць, што дзеянне паказана праз успаміны нявесты. Але неразуменне часта ўзнікае ў нас. Неяк п’яная дама з апошняга шэрагу на балконе падчас спектаклю крыкнула: “Правільна робіш, старуху сабе ўзяў”. Я была гатовая устаць і сказаць: “Вон!” Зараз занадта мала ўвагі надзяляецца культуры. Культуры працы, адпачынку, зносін. Гледача трэба выхоўваць. Гена Аўсяннікаў напрыканцы “Вяселля” самае галоўнае гаворыць: “Чалавек павінен быць чалавекам”. Не мае значэння, па-руску ці па-беларуску, але па Чэхаву. Быць чалавекам у любой сітуацыі.

Галерэя: