Віншуем Кацярыну Шымановіч!

29 сакавіка
Віншуем Кацярыну Шымановіч!
26 сакавіка ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры была ўручаная прэмія імя Івана Ушакова для найлепшых беларускіх сцэнографаў. Радуемся і віншуем пераможцу – Кацярыну Шымановіч, якая дэбютавала як мастак-сцэнограф на Купалаўскай сцэне ў спектаклі “Запалкі” К. Сцешыка, і менавіта гэты яскравы дэбют быў уганараваны прэміяй.

Кацярына Шымановіч – вучаніца народнага мастака Беларусі Барыса Герлавана, таму праца над спектаклем “Запалкі” была для яе своеасаблівым іспытам перад майстрам. Стылёвае геаметрычнае афармленне Камернай сцэны тэатра, вытрыманае ў шэра-чорных танах, адлюстравала задуму рэжысёра спектакля Таццяны Ларынай і выдатна спрацавала ў спалучэнні з адмыслова створаным відэашэрагам. Пастановачнай групе ўдалося дасягнуць выключнай цэласнасці ва ўспрыняцці візуальнага боку спектакля, і ў гэтым вялікая заслуга мастака-сцэнографа.

Мы вельмі ўсцешаныя тым, што супрацоўніцтва Кацярыны Шымановіч і Купалаўскага тэатра атрымліваецца плённым і разнастайным. Мастачка выступіла сцэнографам спектакля “Зямля Эльзы” Я. Пуліновіч, а цяпер працуе над прэм’ерай – праектам “Радзіва “Прудок” паводле твора Андруся Горвата. Сачыце за афішамі, квіткі ўжо неўзабаве з’явяцца ў продажы.