Вынікі 94-га тэатральнага сезона

21 ліпеня
Вынікі 94-га тэатральнага сезона
Спектаклем “Паўлінка” 28 ліпеня Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы завяршае свой 94-ы тэатральны сезон. Чым ён запомніўся?

ПРЭМ’ЕРЫ 

Упершыню на беларускай сцэне гледачы ўбачылі Пана Тадэвуша” Адама Міцкевіча – 15 студзеня 2014 года адбылася прэм’ера спектакля ў пастаноўцы Мікалая Пінігіна, які ён назваў вялікім асветніцкім праектам. Сцэнограф – Зіновій Марголін. Мастак па касцюмах – Алена Ігруша. Кампазітар – Андрэй Зубрыч. Менавіта з гэтым спектаклем тэатр намініраваны на Нацыянальную тэатральную прэмію 2014 года.

IMG_1703-1024x682.jpg

Гісторыя вядомага спакусніка – Дон Жуан” Ж.-Б. Мальера ў інтэрпрэтацыі расійскага рэжысёра Анатоля Праўдзіна з’явілася ў рэпертуары Купалаўскага 23 сакавіка 2014 года. Да містэрыі таксама спрычыніліся Заслужаны дзеяч мастацтваў Расійскай Федэрацыі, сцэнограф Аляксей Парай-Кошыц і мастак па касцюмах з Беларусі Валянціна Праўдзіна. Адмыслова для пастаноўкі Андрэй Хадановіч зрабіў пераклад знакамітай п’есы на беларускую мову.


УЗНАГАРОДЫ 

У верасні 2013 года спектакль Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Пінская шляхта ў пастаноўцы Мікалая Пінігіна адзначаны Дзяржаўнай прэміяй ў галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры. Узнагароду атрымалі народны артыст Беларусі Віктар Манаеў, мастак-пастаноўшчык Вольга Мацкевіч і кампазітар Андрэй Зубрыч. Прэм’ера спектакля адбылася ў маі 2008 года. Пастаноўка прымала ўдзел у Міжнародным фестывалі тэатральнага мастацтва “Панарама” ў 2009 годзе, Міжнародным моладзевым тэатральным форуме “M@rt.кантакт” у Магілёве ў 2010 годзе. У 2009 годзе Вольга Мацкевіч за афармленне “Пінскай шляхты” атрымала Прэмію імя І. Ушакова за найлепшую працу мастака-сцэнографа.


У верасні 2013 года актрыса Зінаіда Зубкова атрымала званне “Народная артыстка Беларусі”. Алена Сідарава і Тамара Міронава атрымалі званне “Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь”. Творчы ўнёсак у развіццё беларускай культуры Юліі Шпілеўскай адзначаны медалём Францыска Скарыны.

 ГАСТРОЛІ 

Купалаўцы адкрывалі Пекінскі вясновы тэатральны фестываль, што праходзіў у сталіцы Кітая з 28 лютага па 8 сакавіка 2014 года. На сцэне Народнага мастацкага тэатра Пекіна тэатр прадставіў два спектаклі – “Вяселле” па А. Чэхаву і “Не мой” па А. Адамовічу. Кожную пастаноўку паказалі па тры разы. Дагэтуль у Кітаі бачылі толькі беларускі балет.


“Пана Тадэвуша” 18 чэрвеня 2014 года ўбачылі ў Парыжы больш за 600 гледачоў. Паказ пастаноўкі Мікалая Пінігіна паводле знакамітай паэмы Адама Міцкевіча адбыўся падчас Дзён культуры Беларусі ў Францыі. Яго арганізавалі па ініцыятыве Пастаяннага прадстаўніцтва Беларусі пры ЮНЭСКА. Праект падтрымалі пастаянныя прадстаўніцтвы Польшчы і Літвы пры ЮНЭСКА. Менавіта ў Парыжы 180 год таму Адам Міцкевіч і напісаў свой твор.

Легендарны Шэкспіраўскі тэатр “Глобус” упершыню выступіў у Беларусі менавіта на сцэне Купалаўскага тэатра 22 мая 2014 года. Паказ адбыўся ў межах двухгадовага сусветнага турнэ ангельскай трупы. Падчас спектаклю ў тэатры была запушчана сістэма сінхроннага перакладу – гледачы маглі гледзець спектакль не толькі на мове арыгіналу, але і ў перакладзе на беларускую з дапамогай навушніка. У наступным сезоне з дапамогай новага абсталявання можна будзе глядзець спектаклі “Дон Жуан”, “Вяселле”, “Выкраданне Еўропы, альбо Тэатр Уршулі Радзівіл”, “Не мой”, “Пан Тадэвуш” у перакладзе на ангельскую мову.

ПАДЗЕІ 

У студзені 2014 года адкрылася новая каса тэатра па адрасе вул. Энгельса, 7а ў гістарычным будынку, які вядомы большасці мінчанам як першая гарадская прыбіральня. У маі 2014 года там з’явілася яшчэ і сувенірная крама, дзе можна набыць падарунак, які б нагадваў пра тэатр, стары Мінск ці ўвогуле пра Беларусь.

СТРАТЫ

30 чэрвеня пайшоў з жыцця Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Сяргей Краўчанка. Літаральна ў маі артыст адсвяткаваў 65-годдзе. За апошні год ён сыграў прэм’еру за прэм’ерай – Ксёндз ў “Дзядах” Тэатра “Ч”, Возны ў “Пане Тадэвушу”, Дыманш у “Дон Жуане”. Ішла падрыхтоўка да чарговай прэм’еры “Тата” ў Купалаўскім.


ПЛАНЫ 

Новы 95-ы сезон традыцыйна пачнецца з “Паўлінкі”, але не на купалаўскай сцэне, а ў Томску – ў верасні трупа едзе на гастролі туды, дзе 70 год таму і была пастаўленая легенда беларускага тэатра. Гледачы Томскa таксама ўбачаць “Офіс” і “Ноч на Каляды”.
 
У наступным сезоне тэатр рыхтуецца запрасіць гледачоў на прэм’ерныя паказы спектакля “Тата” Дзмітрыя Багаслаўскага ў пастаноўцы Кацярыны Аверкавай, “Чайка” Антона Чэхава ў пастаноўцы Мікалая Пінігіна. 

У лістападзе 2014 года на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы адбудзецца Нацыянальная тэатральная прэмія.