Вынікі 96-га тэатральнага сезона

29 ліпеня
Вынікі 96-га тэатральнага сезона

28 ліпеня спектаклем “Паўлінка” Купалаўскі завяршыў 96 тэатральны сезон. Мы ўдзячны тым, хто правёў яго разам з намі і прапануем узгадаць найважнейшыя падзеі, якія адбыліся з намі за гэты год.



15 верасня 2015 года святочным канцэртам тэатр адзначыў сваё 95-годдзе. Гэта была прыгожая, амаль “сямейная” вечарына, напоўненая ўспамінамі пра нашы найлепшыя спектаклі і згадкамі пра нашых славутых калег. Фотаздымак газеты "Культура".

 

Дарэчы, з нагоды юбілею 14 верасня 2015 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпусціла марку "Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы" з серыі "Тэатры Беларусі", што стала прыемным падарункам для ўсіх купалаўцаў.

 

Прэм’еры

1 снежня ў пастаноўцы мастацкага кіраўніка Купалаўскага Мікалая Пінігіна ў рэпертуары з’явілася камедыя “Арт”. П'еса знакамітага французскага драматурга Ясміны Рэзы пра трох сяброў, якія высвятляюць адносіны і ледзве не даходзяць да варажнечы, ставілася ў шматлікіх тэатрах свету.

 

26 красавіка 2016 года Мікалай Пінігін паставіў спектакль “Дзве душы” паводле рамана Максіма Гарэцкага. Гэты твор, які ўпершыню атрымаў сцэнічнае ўвасабленне, распавядае пра вырашальныя моманты ў гісторыі нашай краіны, пра самавызначэнне беларусаў і пошукі свайго месца ў вялікім і бязлітасным свеце.

 

У 96-м сезоне адкрылася для гледача Камерная сцэна тэатра. На ёй ідуць тры прэм’ерныя спектаклі, пастаўленыя маладымі рэжысёрамі – выпускнікамі курса Мікалая Пінігіна ў Акадэміі Мастацтваў.

Першай з прэм’ер Камернай сцэны стаў спектакль “Антыгона” ў пастаноўцы Мікалая Капульцэвіча. П’еса Жана Ануя, упершыню пастаўленая ў акупаваным Парыжы ў 1943 годзе, з антычным сюжэтам Сафокла застаецца актуальнай ва ўсе часы. Фотаздымак газеты "Культура".

 

29 снежня рэжысёр Алена Ганум паставіла спектакль “Шабаны” паводле рамана Альгерда Бахарэвіча. Гэта загадкавая, рамантычная гісторыя  пераносіць гледача ў Шабаны, раён, які мае не самую добрую рэпутацыю ў мінчукоў. Але тут Шабаны – гэта не проста месца дзеяння, гэта перш за ўсё яго жыхары і іх жыццёвыя калізіі і філасофскія погляды.

 

Апошняй прэм’ерай сезона стаў спектакль “Каханне як мілітарызм” паводле п’есы Пятра Гладзіліна. Рэжысёр – таксама выпускнік курса Мікалая Пінігіна Дзмітрый Цішко, які ўслед за аўтарам паказаў праблему чалавечых стасункаў як вайну з баявымі дзеяннымі, варожымі лагерамі, стрэламі і бамбёжкамі. Фотаздымак газеты "Культура".

 

12 і 13 кастрычніка ў рамках Дзён культуры Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь на сцэне Купалаўскага быў паказаны спектакль Пекінскага тэатра народнага мастцтва "Наш Цзын Кэ". Такім чынам адбылося знаёмства беларускага гледача з тэатральным мастацтва Кітая. Спектакль "Наш Цзын Кэ" выклікаў сапраўдны фурор і адкрыў  для нас далёкую, містычную і экзатычную культуру Паднябеснай.

 

Гастролі і фестывалі

У верасні 2015 года спектакль “Паўлінка” завяршыў праграму XX міжнароднагатэатральнага фестываля "Белая вежа" ў Брэсце. За 20 год існавання фестываля Купалаўскі быў яго ўдзельнікам шмат разоў, таксама адзначаўся ўзнагародамі.

 

У лістападзе 2015 года спектакль “Чайка” быў паказаны ў Маскве на сцэне Расійскага акадэмічнага Маладзёжнага тэатра ў рамках пагаднення, заключанага паміж Міністэрствамі культуры Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь.

 

16 чэрвеня спектакль “Арт” быў паказаны ў Парыжы ў тэатры «Les Feux-de-la-Rampe». Гэты паказ адбыўся ў рамках праекта “Першыя тэатральныя сезоны Беларусі ў Францыі”.

 

Сінхронны пераклад

Паслуга сінхроннага пераклада на англійскую мову з’явілася ў мінулым сезоне. Яна была даступная толькі на спектакль “Чайка”. У гэтым сезоне мы ўдасканілілі гэтую паслугу – з сінхронным перакладам можна паглядзець большасць спектакляў, і да англійскай мовы дадался руская. Сачыць за раскладам можна на старонцы “Афіша тэатра”.