Вынікі сезона

14 ліпеня
Вынікі сезона
Спектаклем “Паўлінка” 21 ліпеня Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы завяршае свой 95-ы тэатральны сезон. Чым ён запомніўся?

ПРЭМ’ЕРЫ
У гэтым сезоне ў купалаўскіх афішах з’явіліся тры новыя спектаклі. Міжнародны форум тэатральнага мастацтва Teart закрыўся 22 кастрычніка 2014 года прэм’ерай спектакля “Тата” ў пастаноўцы Кацярыны Аверкавай паводле п’есы Дзмітрыя Багаслаўскага “Ціхі шолах развітальных крокаў”.

 

З 20 сакавіка 2015 года ў рэпертуары Купалаўскага з’явілася “Чайка” ў пастаноўцы Мікалая Пінігіна па творы Антона Чэхава. 

 

Па песнях барда Марка Мермана Мікала Пінігін паставіў спектакль-канцэрт “Другая сусветная”, прэм’ера якога адбылася 7 мая 2015 года.

 

УЗНАГАРОДЫ
Абноўлены сайт Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы прызнаны найлепшым у намінацыі "Культура і мастацтва" конкурса "Інтэрнэт-прэмія TIBO-2015".

 

ГАСТРОЛІ
Гэты сезон Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы традыцыйна пачаў з “Паўлінкі” 9 верасня 2014 года, але не на сваёй сцэне, а ў Томску. Менавіта там беларускі тэатр змог выжыць падчас вайны і паставіў сваю знакамітую “Паўлінку”. Там калектыў тэатра прыняў рашэнне звярнуцца да Савецкага ўрада з просьбай надаць тэатру імя Янкі Купалы – звацца купалаўцамі. Апроч “Паўлінкі” падчас гастроляў у Томску Купалаўскі тэатр прадставіў спектаклі "Ноч на Каляды" ў пастаноўцы Мікалая Пінігіна і “Офіс” у пастаноўцы Кацярыны Аверкавай. Гэта быў трэці выступ тэатра ў Томску пасля вяртання з эвакуацыі.

 

Спектаклем “Офіс“ купалаўцы таксама адкрывалі 3 кастрычніка XII Міжнародны фестваль спектакляў “Мініфэст“ у Растове-на-Доне. Разам з беларусамі ў форуме прынялі ўдзел тэатры з Грузіі, Ізраіля, Македоніі, Расіі . „Мініфэст“ – адзін са старэйшых фестываляў для дзяцей і моладзі ў новай расійскай гісторыіі, арганізаваны ў 1989 годзе па ініцыятыве Уладзіміра Чыгышава, які быў галоўным рэжысёрам Растоўскага акадэмічнага маладзёжнага тэатра ў 1985–2005 гадах. У Растове-на-Доне купалаўцы выступілі ўпершыню.

ПАДЗЕІ
Музычным вечарам “Быць Генадзем Гарбукам” народны артыст Беларусі адсвяткаваў сваё 80-годдзе 27 верасня 2014 года. 

 

Спектакль Маскоўскага Мастацкага тэатра (МХТ) імя А. П. Чэхава “Дом“ паказалі на купалаўскай сцэне 27 і 28 кастрычніка.



У лістападзе на базе купалаўскага тэатра прайшла Нацыянальная тэатральная прэмія.


 

Паказам спекткаля “Вечар” 19 лютага 2015 года завяршыўся юбілейны тыдзень да васьмідзесяцігоддзя народнага артыста СССР і Беларусі Генадзя Аўсяннікава.

 

У тэатры з’явілася новая паслуга – сінхронны пераклад спектакляў на англійскую мову. Калі ў афішы пастаноўка пазначаная спецыяльным сімвалам, на ўваходзе ў тэатр глядач можа звярнуцца да адміністратараў ці білецёраў за навушнікам. Падчас спектаклю перакладчык чытае па-ангельску гледачу ў навушнік тэкст, які прамаўляюць акцеры на сцэне. Паслуга бясплатная.

 

У чэрвені 2015 года на Усходніх (Маскоўскіх) могілках адбылося адкрыццё помніка народнаму артысту Беларусі, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, шматгадоваму галоўнаму рэжысёру і мастацкаму кіраўніку Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, тэатральнаму педагогу Валерыю Раеўскаму.

 

Шаноўныя гледачы, зычым вам добрага адпачынку і чакаем вас у новым 96-м сезоне, які пачнецца 25 жніўня спектаклем "Пінская шляхта".