Барыс Герлаван

Галоўны мастак

Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1977)

Народны мастак Беларусі (1990)

Лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР і Рэспублікі Беларусь
Лаўрэат прэміі імя Е.Міровіча (1992)
Лаўрэат “Крыштальнай Паўлінкі”, вышэйшай ўзнагароды Беларускага саюза тэатральных дзеячаў.
Лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за ўклад у выхаванне творчай моладзі (2004)

Кавалер Ордэна Францыска Скарыны (2008)

Нарадзіўся 25 снежня 1937 года ў вёсцы Мартаноша Новаміргарадскага раёна Кіраваградскай вобласці (Украіна).

У 1966 годзе скончыў аддзяленне сцэнаграфіі Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (майстэрня Я. Чамадурава, кіраўнік дыпломнай работы П. Масленнікаў).

Працуе ў тэатры з 1962 года. З 1976 года — галоўны мастак. Aформіў за гэты час толькі на сцэне купалаўскага тэатра звыш 70 спектакляў. Ён аўтар сцэнаграфіі спектакляў ў іншых тэатрах Беларусі, блізкага і далёкага замежжа, лаўрэат шматлікіх міжнародных тэатральных фестываляў.
Дзякуючы свайму таленту, Герлаван пры афармленні сцэнічнай прасторы ўзнімаецца да ўзроўню драматурга і рэжысёра, робіцца паўнапраўным сааўтарам драматургічнага твору. Іншы раз яго сцэнаграфія становіцца адным з самых галоўных кампанентаў спектакля і вызначае поспех у гледача. Так было са спектаклямі «Бура» У. Шэкспіра, «Раскіданае гняздо» Я. Купалы, «Брама неўміручасці» К. Крапівы, «Зацюканы апостал», «Таблетку пад язык», «Святая прастата» А. Макаёнка, «Апошні шанец» В. Быкава, «Страсці па Аўдзею» У. Бутрамеева, якія ўвайшлі ў залатую скарбонку беларускага тэатральнага мастацтва.

У 1985 годзе Барыс Герлаван атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР за афармленне спектакляў «Парог» (1983) і «Радавыя» (1984). За афармленне спектакля «Мудрамер» у 1988 годзе мастаку была прысвоена Дзяржаўная прэмія БССР.

Па ягонай сцэнаграфіі можна прасачыць, як змянялася тэатральная стылістыка на працягу амаль паўстагоддзя, і ў той жа час Барыс Федасеевіч заўсёды пазнавальны, не расчароўвае нават у сваіх «нечаканых трансфармацыях» амаль у кожным спектаклі.

Апошняе дзесяцігоддзе ХХ веку і пачатак новага тысячагоддзя зрабіліся для cцэнографа святочным падарожжам у наша легендарнае мінулае. Мастака цікавіць эстэтызацыя «гістарычнай Беларусі» і стварэнне пантэона яе гістарычных міфаў і паданняў. На сцэну выйшлі князі і князёўны часоў Вялікага Княства Літоўскага з гістарычных хронік А. Дударава «Князь Вітаўт». Росквітам новага стылю Б.Герлавана з прыкметамі новай эстэтыкі сталі пастаноўкі гістарычных п'ес «Чорнай панны Нясвіжа» А. Дударава і «Эрыка ХIV» А. Стрындберга.

Барыс Герлаван — цэлая эпоха ў гісторыі мастацтва. Ягонае імя даўно стала сімвалам Купалаўскага тэатра і знакам якасці. Ён не толькі дзень сённяшні беларускага тэатра, але і заўтрашні: ім выхавана пакаленне студэнтаў сцэнографаў у Акадэміі мастацтваў, дзе ён выкладае з 1991 года, а ў 1998 годзе атрымаў званне прафесара.

У бягучым рэпертуары ідзе шмат спектакляў, аформленых мастаком:

Прэса:
Мастер устраивать сцену («Минский курьер», снежань 2012)

Сценическое движение ("Минский курьер", ліпень 2013).