"Тэатр Уршулі Радзівіл" - выступ у Нясвіжскім палацы

Дата: 30 чэрвеня 2012
30 чэрвеня 2012 года пасля 250-гадовага перапынку ў Нясвіжы ізноў загучалі творы княгіні Францішкі Уршулі Радзівіл. Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы прадставіў на падворку княжацкага палаца нясвіжскую арлекінаду “Выкраданне Еўропы, альбо Тэатр Уршулі Радзівіл”, створаную паводле трох п’ес славутай прадстаўніцы магнацкага роду.


Францішка Уршуля, дачка кракаўскага кашталяна Януша Антонія Карыбута Вішнявецкага і Тэафілі з Ляшчынскіх нарадзілася 13 лютага 1705 года ў Чартарыйску на Валыні. Ва ўзросце дваццаці гадоў Францішка Уршуля выйшла замуж за князя Міхала Казіміра Радзівіла, званага “Рыбанькам”, і пераехала ў Нясвіж, дзе правяла большую частку свайго жыцця.

Княгіня Францішка Радзівіл стала ініцыятаркай аднаўлення нясвіжскай друкарні і ўпарадкавання княскай бібліятэкі. Энергічная, добра адукаваная гаспадыня Нясвіжа займалася гаспадаркай, ладзіла разнастайныя культурныя імпрэзы, знаходзіла час для творчасці, пакінула пасля сябе багатую літаратурную спадчыну на польскай і французскай мовах: празаічныя і паэтычныя лісты, прынагодныя, сатырычныя, рэлігійныя і любоўныя вершы, загадкі, драматычныя творы і нават маральна-філасофскія трактаты.

У XVIII ст. на землях Беларусі яшчэ не было прафесійных тэатраў: дзейнічалі школьныя тэатры і толькі пачыналі з’яўляцца прыдворныя. Першым такім тэатрам, дзякуючы намаганням Францішкі Радзівіл, стаў тэатр у Нясвіжы.Творы для свайго тэатра княгіня пісала сама.

Тэатральныя імпрэзы ў Нясвіжы былі нечым большым, чым проста тэатрам. Са сцэны гучалі віншаванні ў адрас імяніннікаў, гледачам чыталіся загадкі, а за найбольш трапныя адказы раздаваліся падарункі. Ролі ў спектаклях выконвалі госці, родзічы, запрашаліся кадэты Рыцарскай акадэміі.

Тэатральныя імпрэзы ў Нясвіжы былі нечым большым, чым проста тэатрам. Са сцэны гучалі віншаванні ў адрас імяніннікаў, гледачам чыталіся загадкі, а за найбольш трапныя адказы раздаваліся падарункі. Ролі ў спектаклях выконвалі госці, родзічы, запрашаліся кадэты Рыцарскай акадэміі.



Тэатр даваў уладальнікам магчымасць прадэманстраваць багацце і веліч двору, пазабавіць і здзівіць гасцей. Пасля прадстаўленняў адбываліся ўрачыстыя вячэры, ладзіліся феерверкі і каруселі. Усе прысутныя былі адначасова і гледачамі, і ўдзельнікамі. А само сцэнічнае дзеянне аб’ядноўвала розныя віды тэатральнага мастацтва: спевы, танцы, дэкламацыю. Тэатр у Нясвіжы існаваў як лад жыцця, таму і на сцэне адлюстроўвалася жыццё, таксама тэатральнае, ва ўсіх яго праявах.

У 2011 годзе мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Мікалай Пінігін звярнуўся да гістарычнай спадчыны Францішкі Уршулі і прадставіў на Купалаўскай сцэне аўтарскую рэканструкцыю тэатральнага вечара ў нясвіжскім палацы. З моманту прэм’еры рэжысёр марыў прывезці спектакль у Нясвіж і граць у яго ў сценах, дзе ўпершыню прагучалі радкі, складзеныя ўласнаручна пані Францішкай Радзівіл.