"Радзіва "Прудок" - гастролі на Палессі

Дата: 7 ліпеня 2018
7 ліпеня Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы адправіўся ў незвычайнае турнэ. Пры падтрымцы velcom у палескіх Калінкавічах адбыліся эксклюзіўныя паказы спектакля «Радзіва «Прудок». Адна з найбольш яскравых прэм’ер бягучага тэатральнага сезона была прадэманстравана ў 20 кіламетрах ад вёскі Прудок, якую зрабіў знакамітай пісьменнік Андрусь Горват. Для Купалаўскага тэатра гастролі па беларускіх гарадах – падзея ўнікальная. Але 7 ліпеня акцёры Міхаіл Зуй, Дзмітрый Есяневіч і Святлана Анікей і рэжысёр Раман Падаляка прыехалі з паказам пастаноўкі «Радзіва «Прудок» на Палессе, у Калінкавічы – у знак павагі да былога супрацоўніка тэатра і свайго сябра Андруся Горвата, з дзённікавых запісаў якога і пачалася гісторыя спачатку кнігі, а потым і спектакля. 

0095.jpg
 

Перад паказам акцёрскі і аўтарскі калектыў завітаў у Мазыр: на сустрэчу з прадстаўнікамі СМІ, якая праходзіла ў культурніцкай прасторы «Даліна анёлаў».  «Сённяшні паказ для нас – стваральнікаў спектакля, акцёраў, якія ў ім граюць, – быў не менш хвалюючай падзеяй, чым прэм’ера: нам належала прадставіць увасобленыя намі вобразы прудкоўцаў перад іх рэальнымі прататыпамі. Але і створаная ім кніга, і наш спектакль паводле яе вельмі шчырыя і сапраўдныя – такія ж, як людзі, пра якіх пісаў Андрусь, як іх жыццё і думкі. І мы шчыра ўдзячныя кожнаму гледачу за сардэчны прыем, ўвагу і натхненне», – адзначыў на сустрэчы рэжысёр спектакля Раман Падаляка. 

«Спектакль «Радзіва «Прудок» для кампаніі velcom – не проста адзін з шэрагу цікавых культурных праектаў, якія мы падтрымліваем. Гэта вельмі блізкая нам гісторыя, якая пачалася яшчэ ў 2017 годзе з прэзентацыі кнігі Андруся Горвата ў праекце MOVABOX. У студзені 2018 года на фестывалі мабільнага кіно velcom Smartfilm быў адзначаны фільм «Ягор», які паводле «Радзіва «Прудок» зняў Раман Падаляка. Мы з радасцю дапамаглі Купалаўскаму тэатру стварыць спектакль, які стаў сапраўднай тэатральнай падзеяй. І разам з гледачамі ў Калінкавічах нам было вельмі цікава паглядзець, як пастаноўка, створаная паводле кнігі Горвата, загучала па-новаму, адчуўшы пад нагамі родную для яе аўтара палескую зямлю», – адзначыў кіраўнік групы па карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці кампаніі velcom Віктар Пазнякоў. 

«Цікава назіраць, як тое, што існавала ў адным выглядзе, раптам пачынае існаваць на нейкім новым узроўні: занядбаная вясковая хата робіцца домам, былы кляштар – культурніцкай прасторай, нататкі ў дзённіку – кнігай, а кніга – спектаклем. З аднаго боку, крыху нязвычна, што нешта, створанае табой, пачынае жыць самастойным жыццём. А з іншага, радасна, бо жыццё павінна працягвацца», – падзяліўся ўражаннямі аўтар кнігі «Радзіва "Прудок". Дзённік» Андрусь Горват. 

Калінкавічы – горад для «насельнікаў» кнігі Горвата (а значыць, і для яе чытачоў) знакавы: менавіта адсюль пачынаецца для прудкоўцаў «цывілізацыя», менавіта тут жыве шматлікая радня аўтара «Радзіва». І нават цётка Дуня на зіму з’язджае з Прудка менавіта сюды. Таму ідэя паказаць спектакль «Радзіва «Прудок» на радзіме Андруся Горвата ўвасобілася ў рэчаіснасць таксама ў Калінкавічах, на сцэне аднайменнага ДК. Ганаровымі гасцямі калінкавіцкай прэм’еры «Радзіва «Прудок» сталі героі першакрыніцы – простыя прудкоўцы, добра знаёмыя кожнаму, хто хаця б аднойчы гартаў старонкі літаратурнага дзённіка Андруся Горвата. Разам з галоўнымі героямі кнігі «Радзіва «Прудок». Дзённік» сачыць за гісторыяй мінскага журналіста, які вырашыў змяніць сваё жыццё і з’ехаць на Палессе ў вёску Прудок, каб аднавіць дзедаву хату, маглі ўсе жадаючыя: паказ спектакля быў бясплатным.

Галерэя: