"Офіс"- Моладзевы тэатральны форум у Кішынёве

Дата: 10 чэрвеня 2012

Спектакль “Офіс” Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы атрымаў найвышэйшую ўзнагароду Моладзевага тэатральнага форума краін СНД, Балтыі і Грузіі, які праходзіў у г. Кішынёў (Малдова) з 6 па 13 чэрвеня 2012 года.

На ўрачыстай цырымоніі закрыцця аўтарытэтнае журы конкурсу на чале з народным артыстам Латвіі рэжысёрам Адольфам Шапірам абвясціла спектакль “Офіс” у пастаноўцы Кацярыны Аверкавай найлепшай работай маладога рэжысёра на постсавецкай прасторы.

Моладзевы тэатральны форум быў закліканы сабраць пад адным дахам маладое пакаленне тэатральных рэжысёраў, мастакоў, драматургаў і крытыкаў з Расіі, Беларусі, Украіны, Літвы, Латвіі, Грузіі, Арменіі, Азербайджана, Арменіі, Малдовы і Кыргызстана, якія маглі не толькі пабачыць і ацаніць вынікі працы сваіх калег, але таксама знайсці магчымасць для далейшага прафесійнага супрацоўніцтва.

10 чэрвеня 2012 года Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы прадставіў на конкурсе спектакль “Офіс” паводле п’есы маладога нямецкага драматурга Інгрыд Лаузунд у пастаноўцы Кацярыны Аверкавай.

Міхаіл Зуй, Сяргей Рудэня, Вольга Скварцова-Кавальская, Павел Харланчук і Вікторыя Чаўлытка распавялі гасцям фестывалю яскравую гісторыю з жыцця пяці офісных супрацоўнікаў. Жанр спектакля, вызначаны рэжысёрам як “бесхрыбетнасць у адной дзеі”, трапна характарызуе сцэнічнае дзеянне і прадстаўляе грамадства “белых каўнерыкаў”, у якім чалавек становіцца вінцікам карпаратыўнай сістэмы, губляе сваю індывідуальнасць, і цвёрдасць паставы.

У выніку конкурсу спектакль “Офіс” атрымаў прыз за 1 месца конкурснай праграмы і быў запрошаны да ўдзелу ў Міжнародным тэатральным фестывалі імя А.П.Чэхава ў Маскве і Міжнародным тэатральным фестывалі ў Тбілісі, якія пройдуць у 2013 годзе.

Падрабязней пра падзею – у навінах інфармацыйных службаў,таксама на сайтах тэлекампаніі “Мір” і газеты “Звязда”.

Удзел тэатра на міжнародным тэатральным форуме ажыццяўляўся пры фінансавай падтрымцыМіністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Тэатр выказвае падзяку Інстытуту імя Гётэ ў Мінску за дапамогу ў пастаноўцы спектакля і Цэнтру беларускай драматургіі і рэжысуры за арганізацыйную падтрымку праекта.