Страта (16+)

“Страта”

Аўтар, актор і рэжысер: Андрэй Саўчанка
Мастак: Юрый Вінаградаў
Музыка: Jozef van Wissem і Brendan Perry

“Я хачу распавесці вам дзве гісторыі стратаў. Або страты дзвюх гісторый…”

Аднойчы рэжысер Андрэй Саўчанка знайшоў ля дваровага гарадскога сметніка старую валізку, ў якой апынуўся стос разарваных фатаздымкаў. Чыйсьці сямейны архіў. Далейшае жыццё знаходкі шукайце ў першай гісторыі. Другая частка – гісторыя пра дзедаў дом, спалены маланкай.

Калі чалавек губляе нешта, то гэта моцна б’е, моцна ўзрушвае. Унутраны ператрус пераарганізоўвае ўласную сістэму асобы – і ў цябе з’яўляюцца новыя думкі, новыя накірункі, па якіх ты можаш ісці.

Памяць ажывае ў прадметах. Асновай тэхнікі ready-made з'яўляецца трансфармацыя ўтылітарных прадметаў у твор мастацтва. Вызначальным для яе становіцца пошук гэтага прадмету.

Спектакль-эскіз народжаны ў межах лабараторыі ready-made theatre "Ужо гатовы сусвет", якую ладзілі Алена Мальчэўская і Аляксандр Марчанка ў Цэнтры візуальных і выканальніцкіх мастацтваў “ART Corporation”.

Эскіз спектакля быў прадстаўлены ў межах форума “ТЭАРТ” у 2020.

Працягласць: 60 хвілін.
Прэм'ера адбылася 23 кастрычніка 2020 года.
Мова: беларуская.