100-ты яскравы, насычаны сезон завершаны!

31 ліпеня
100-ты яскравы, насычаны сезон завершаны!
Ох і па-сапраўднаму гудзелі мы ў гэтым сезоне, выходзілі на новыя фарматы, знаходзілі шмат сяброў і партнёраў, стваралі шматлікія праекты. І заўсёды адчувалі вашу прысутнасць і падтрымку!
Дзве яркія прэм'еры — велічны "Кароль Лір" Мікалая Пінігіна і кранальны "Першы" Рамана Падалякі — прагучалі на галоўнай і камернай сцэнах. Мы выпусцілі Купалаўскі часопіс, наш першы і вельмі цікавы, у электроннай і друкаванай версіях, каб з любой кропкі свету ў самоце па Купалаўскім можна было ў яго патрапіць. Цягам сезона зладзілі безліч праектаў розных фарматаў, як то "Купалаўскі дома", "Паўлінка на Купалле", "Чытаць я хацеў!" і інш., якія вельмі палюбіліся многім.

Але самае галоўнае — мы атрымалі велізарную хвалю падтрымкі і любові ад вас. Гэта сапраўдны неверагодна адчуваць, колькі добрых, шчырых, адкрытых людзей прываблівае наш тэатр. Мы шчаслівыя радаваць вас!

Верым, што наш наступны сезон будзе запамінальным, прыемным, яркім. Можам толькі паспрабаваць уявіць, якія падзеі, прэм’еры, ідэі чакаюць нас наперадзе. Пераможам і складанасці, і дрэннае надвор’е, бо ў нас самыя неверагодныя гледачы і людзі. Да хуткай сустрэчы ў новай эпохе!