5 чэрвеня адбылося адкрыццё будынка Мінскага губернскага тэатра – сённяшняга Купалаўскага

05 Чэрвеня
5 чэрвеня адбылося адкрыццё будынка Мінскага губернскага тэатра – сённяшняга Купалаўскага

Прафесійны камерцыйны тэатр існаваў у Мінску з канца XVIII стагоддзя. Аднак пастаяннага памяшкання ён не меў, таму паказы спектакляў праходзілі ў розных дамах, якія належалі заможным гараджанам, або ў грамадскіх будынках.

Пасля змены шматлікіх месцаў, пачынаючы з 1864 года тэатральныя паказы на пастаяннай аснове праходзілі ў вялікай зале Дваранскага дома, пакуль у 1877 годзе не запатрабавалі вызваліць будынак для яго прамой функцыі.

З 1878 года тэатр часова перанеслі ў дом купца Саламонава на Саборнай плошчы, які ў 1884 годзе згарэў. І Менск застаўся зусім без тэатра. Адсутнасць уласнага памяшкання не дазваляла трымаць добрыя дэкарацыі, касцюмы.

У 1887 годзе князь Трубяцкі прапанаваў разгледзець пытанне аб збудаванні новага тэатра. Дума ўхваліла прапанову і для гэтай мэты вылучыла з гарадской казны першы ўнёсак у 5 тысяч рублёў.

26 чэрвеня 1888 года адбылася закладка будынка будучага тэатра, які ўзводзілі амаль тры гады. Па шэрагу прычын адкрыццё гарадскога зімовага тэатра некалькі разоў адкладалася. Урэшце урачыстасці адбыліся 5 чэрвеня 1890 г. У прысутнасці вялікай колькасці гараджанаў пратаіерэй Кацярынінскага сабора Ніканор Смоліч адслужыў малебен і акрапіў вадой усе памяшканні і закуткі тэатра. Граў ваенны аркестр. Спяваў архіерэйскі хор. У той дзень быў сыграны спектакль “Сфінкс” паводле моднага французскага драматурга Актава Фёйе. Першы тэатральны сезон адкрыўся спектаклем “Злоба дня” па п’есе рускага драматурга Мікалая Пацехіна.

І гісторыя сённяшняга Купалаўскага тэатра пачалася.