"Дон Жуан". Мастак Валянціна Праўдзіна
18 сакавіка

У Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы хутка адбудзецца прэм’ера спектакля “Дон Жуан” па п’есе Жана-Батыста Мальера. У чым артысты выйдуць на сцэну, расказала мастак Валянціна Праўдзіна.
– Дон Жуан – гэта яркі неардынарны чалавек. Ён шчыры ў адрозненне ад іншых герояў, якія настойваюць, каб ён пачаў весці прыстойнае жыццё, адумаўся, а насамрэч толькі прыкідваюцца харошымі і хочуць быць такім ж, як Дон Жуан. Гэта мужчына, які ўмее падаць сябе, абаяць і раскрыць жанчыну. Напрыклад, вобразы сялянак вырашаюцца ў спектаклі не столькі праз касцюмы, колькі праз іх унутраны свет, які адкрывае Дон Жуан. Нават у страшненькай з першага погляду дзяўчыне, ён бачыць прыгажуню. Яна гэта адчувае, здымае фартух, чапляе ружы ў валасы, і мы бачым, як у ёй прачынаецца жанчына.