У Галіны Талкачовай юбілей



“На дне” М. Горкага. Насця
“Нягледзячы на тое, што па сваім характары Галіна Талкачова ніколі не прэтэндавала на ролю “прымы” ў тэатры, амаль кожная яе роля не заставалася незаўважанай. Крытыкі заўсёды адзначалі паглыблены псіхалагізм актрысы, дакладную нюансіроўку вобразаў і, разам з тым, яркую знешнюю выразнасць малюнка ролі. Скульптурна акрэсленыя, правільныя і высакародныя рысы твару, глыбокія вочы-віры… Знешнасць актрысы, надзвычай эфектная і выразная, дазваляла Галіне Талкачовай іграць і сваіх сучасніц, надзяляючы “простых” дзяўчын душэўнай глыбінёй і высакароднасцю, і гераінь класічнага рэпертуару, з’ядноўваючы ў адно дакладнае адчуванне характараў сваіх персанажаў і тую эпоху, прадстаўніцамі якой яны з’яўляліся”.
“Рэдкая чалавечая і акцёрская індывідуальнасць Талкачовай заўжды акрэслівае мяжу, якая робіць яе асобай загадкавай і недаступнай. Большасць савецікх ды і цяперашніх актрыс выхаваныя вуліцай, кухоннымі размовамі і маскультурай. Ім зручна ў сучасных п’есах, дзе паказаны побыт. Калі б Талкачова была жонкай паспяховага рэжысёра, ён браў бы яе для пастаноўкі п’есы Метэрлінка, Ібсена, Дзюрэнмата, Ануя, Шоу і даваў бы галоўныя ролі ёй. Яна здольная граць каралеў, герцагінь, шляхцянак, тонкую костку і галубую кроў. У сённяшніх тэатрах такіх актрыс няма”.
“Я ведаю, што Галіна Талкачова жыве, адчуваючы і няўпэўненасць у сабе, марыць, чакае, крыўдуе, злуецца – і ўсё звязана з тэатрам. Няўтольная прага ведаць больш, чытаць больш, бачыць больш! Дні і гады, напоўненыя працай і роздумам, назапашваннем духоўнага скарбу, напоўненыя прагай – аддаць гэты скарб любімаму назаўжды тэатру – купалаўскаму”.