На Вялікай сцэне рыхтуецца прэм'ера спектакля рэжысёра Андрэя Прыкатэнкі па матывах п'есы «Сон у летнюю ноч»

28 мая
На Вялікай сцэне рыхтуецца прэм'ера спектакля рэжысёра Андрэя Прыкатэнкі па матывах п'есы «Сон у летнюю ноч»

У Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы пачаўся рэпетыцыйны перыяд новага спектакля з працоўнай назвай «Сон у летнюю ноч» па вядомай п’есе Уільяма Шэкспіра. Над пастаноўкай працуе вядомы расійскі рэжысёр Андрэй Прыкатэнка. Прэм'ера спектакля адбудзецца 8 верасня 2018 года.

У дадзены момант Андрэй Прыкатэнка – галоўны рэжысёр Новасібірскага дзяржаўнага драматычнага тэатра «Стары дом». Раней з 2007 па 2009 год з'яўляўся мастацкім кіраўніком рускага тэатра імя А. Чэхава ў Рызе. Таксама рэжысёр супрацоўнічаў з Вялікім драматычным тэатрам імя Таўстаногава, дзе паставіў спектаклі «Лето одного года» па п'есе Эрнэста Томпсана з Алісай Фрэйндліх і Алегам Басілашвілі, «Калека с острова Инишмаан» паводле п'есы Марціна Макдона, «Трактирщица» Карла Гальдоні і «Ревизор» Мікалая Гогаля. Усяго на сцэнічных пляцоўках паставіў больш за 30 спектакляў. У якасці рэжысёра-пастаноўшчыка Андрэй Прыкатэнка працаваў у тэатрах Масквы, Рыгі, Санкт-Пецярбурга, Новасібірска.

Яго спектакль «Операнищих», прэм'ера якога адбылася ўвосень 2017 года ў Маскоўскім акадэмічным тэатры сатыры, прыцягнуў шмат увагі маскоўскай тэатральнай публікі. Галоўную ролю ў спектаклі сыграў Максім Аверын. У лістападзе мінулага года мінчане маглі ацаніць стыль рэжысёра па спектаклі «Мой бедный Марат», які быў паказаны падчас гастроляў Санкт-Пецярбургскага тэатра «Приют комедианта».

Новы спектакль Андрэя Прыкатэнкі на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы будзе ўяўляць сабой унікальны праект для беларускага тэатральнага мастацтва. Плануецца, што ў спектаклі будуць задзейнічаны гіраскутэры, квадракоптэры, куб з галаграфічным пакрыццём, а таксама інавацыйныя рашэнні ў працы са сцэнаграфіяй, касцюмамі і святлом.

Раней падобны тэатральны праект Андрэй Прыкатэнка ўвасобіў на сцэне новасібірскага тэатра «Стары дом» – спектакль «Sociopath / Гамлет» па матывах «Гамлета» Шэкспіра. Пастаноўка ўяўляе сабой новае прачытанне класічнага твора, а таксама выкарыстоўвае нестандартныя, унікальныя прыёмы. «Чаму сацыяпат? Сёння гэта найбольш распаўсюджаны тып. Ва ўмовах маральнага крызісу, у якім апынуўся чалавечы від, – прамы вынік Анегіна, Пячорына, нарэшце, Зілава з «Утиной охоты», – персанажа, які ў рэшце рэшт перарадзіўся ў сацыяпата – чалавека, які стаміўся рэфлексаваць з нагоды недасканаласці чалавечай прыроды, недасканаласці навакольнага света, і зразумеў, што чалавецтва знаходзіцца ў глабальным крызісе, з якога выйсці немагчыма. Так атрымаўся наш сацыяпат», – адзначае рэжысёр Андрэй Прыкатэнка, кажучы пра спектакль «Sociopath / Гамлет».


20180321_155345_5d3_04_94_0749-644x432-9b8.jpg
20180321_153059_5d3_04_94_0458-644x432-ca8.jpg
Асобна варта адзначыць работу мастачкі. Над касцюмамі для новага спектакля працуе Вольга Шаішмелашвілі, ужо вядомая беларускаму гледачу па спектаклі Купалаўскага тэатра «Translations». Яе сцэнаграфичныя работы ў музычных і драматычных тэатрах Санкт-Пецярбурга, Кіева, Пермі, Чэлябінска, Башкірыі, Японіі добра вядомыя прыхільнікам тэатральнага мастацтва. Мастачка таксама працавала над стварэннем касцюмаў да спектакля Андрэя Прыкатэнкі «Sociopath / Гамлет».

32267505_2063124847269252_4632834570536878080_n.jpg
32207756_2063124917269245_5548812942855634944_o.jpg
У сакавіку рэжысёр і мастачка па касцюмах сустрэліся з трупай Купалаўскага тэатра, каб выбраць акцёраў для ўдзелу ў новай пастаноўцы. Ужо вядома, што ў верасні на галоўнай сцэне мы ўбачым акцёраў Марту Голубеву, Паўла Харланчука, Міхаіла Зуя, Аляксандра Казелу, Юлію Шпілеўскую, Валянціну Гарцуеву, Дзмітрыя Есяневіча, Дзмітрыя Тумаса, Аляксандра Зелянко, Івана Кушнярука, Андрэя Дробыша, Паўла Паўлюця, Паўла Астравуха і іншых.

У матэрыяле выкарыстаны фатаграфіі анлайн-выдання «Культпросвет» і архіва Новасібірскага дзяржаўнага драматычнага тэатра «Стары дом».