“Пан Тадэвуш”. Падрыхтоўка касцюмаў
У Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы ідзе праца над новым спектаклем “Пан Тадэвуш” паводле Адама Міцкевіча. Прэм’ера чакаецца напрыканцы студзеня. Пакуль акцёры рэпетуюць, мастак Алена Ігруша рыхтуе для іх 63 касцюма.


– Сцэнограф спектакля Зіновій Марголін. Вам ужо даводзілася працаваць разам з ім?
– Так, ён не заўжды быў масквічом, спачатку працаваў у Беларусі. Мы з ім калісьці зрабілі “№13”. Гэтай працай я ганаруся. Марголін – чалавек, які шмат працуе. Мне ён зразумелы.
– “№13 – гэта ваш першы вопыт супрацоўніцтва і з Мікалаем Пінігіным. Цяпер ён запрасіў вас на “Пана Тадэвуша”.
– Мы шмат працавалі разам. І мне падаецца, усе п’есы, якія ён паставіў, маюць выразны канцэпт: адмовіцца ад лапцей і ўзняць зусім іншую культуру Беларусі, паказаць, што мы не людзі на балоце. “Пан Тадэвуш” – працяг гэтай лініі. У гэтым я яго падтрымліваю. Для мяне самае галоўнае тое, што ён ідзе гэтай дарогай і неяк намагаецца яе адстаяць, нягледзячы на непрыняцце іншых людзей. У буйным імперскім тэатры хоча бачыць высакародных прыгожых герояў у прыгожых касцюмах і дэкарацыях. Годная задача. Калі дзесьці яна яшчэ недасягнута, нельга плявацца, трэба дапамагаць настолькі, наколькі можна дапамагчы.
– Якія ў вас засталіся ўражанні пасля азнаямлення з інсцэніроўкай паэмы?
– Мастак па касцюмах не першая асоба. Ён падпарадкаваны задуме рэжысёра, мастака-пастаноўшчыка, драматургіі. То бок мае дастаткова вузкі калідор, па якому трэба прайсці згодна з рэжысёрскім меркаваннем і яшчэ неяк улавіць думку сцэнографа, таму што ты існуеш на яго фоне. Каб гэта зрабіць, мне давялося пакапацца ў 1812 годзе і выявіць, што беларусы ваявалі з беларусамі. На бок французаў пераходзілі і літоўцы з палякамі. Раней мне гэта не прыходзіла ў галаву. Пасля распаду Рэчы Паспалітай Напалеон быў адзінай надзеяй палякаў узнавіць дзяржаўнасць, але зрабіць яны гэта змаглі толькі пасля Першай сусветнай вайны. Сапраўдная драма.

– Дзе шукалі дадатковую гістарычную інфармацыю?
– Гугл. Да таго ж маё дзіця здавала ў гэтым годзе гісторыю Беларусі. Разам мы яе і вучылі. Тэма мне блізкая. Калісьці я рабіла “Анастасію Слуцкую”. Там таксама давялося шмат што шукаць. І дзесяць год таму не было ні Гугла, ні шматлікіх звестак пра гэтую эпоху. Спрабавала пагрузіцца ў гэты час. Да распаду гэта была самая буйная дзяржава ў Заходняй Еўропе. І чамусьці ў падручніках нельга прачытаць, што Беларусь раней была такой крутой – моцнай, багатай і прававой. Гістарычная даведка для мяне вельмі важная. Мастак павінен вывучыць той час, у якім збіраецца парушыць усе правілы. Трэба ведаць, што ты парушаеш, і граматна адказваць сабе на пытанне: “Чаму? Для якой ідэі, персанажа, драматургіі?” Тэатр – гэта не выразнае прайграванне нейкіх гістарычных момантаў. Нехта выказаў выдатную думку: археалагічны аргумент ніколі не параўнаецца з пераканаўчасцю паэтычнага аргумента. Гэтым сябе суцяшаю, калі раблю не зусім правільна. Галоўнае, каб моцна, прыгожа, пераканаўча. Мы ж не дакументальны фільм фільм робім гістарычны. Мы маем справу з душой чалавечай.