"Тата". Рыхтуецца новы спектакль

У п’есе ёсць галоўны герой Аляксандр (Раман Падаляка, Сяргей Рудэня) – вайсковец у мінулым, што пасля смерці бацькі (Генадзь Аўсяннікаў, Генадзь Гарбук) вяртаецца жыць у яго дом. Ёсць старэйшая сястра Наталля (Зоя Белахвосцік, Яўгенія Кульбачная), Людміла (Юльяна Міхневіч, Алена Сідарава) з мужам Алегам (Андрэй Кавальчук, Сяргей Краўчанка), Зіна (Вольга Няфёдава, Вікторыя Чаўлытка) і малодшая Ганна (Святлана Анікей, Марына Гардзіёнак). Усе, акрамя Ганны, хочуць прадаць бацькоўскі дом. Ёсць сны Аляксандра, у якіх да яго заўжды прыходзіць бацька. Ёсць медыум Альберт (Ігар Дзянісаў, Вячаслаў Паўлюць) і сусед Юрасік (Мікалай Кучыц, Арнольд Памазан), з дапамогай якіх Аляксандр намагаецца атрымаць для сябе адказ, ці любіў яго бацька. Чакаем прэм’еру, каб убачыць усё гэта на сцэне Купалаўскага.
У 2013 годзе п’еса Дзмітрыя Багаслаўскага “Тихий шепот уходящих шагов” увайшла ў лонг-ліст Міжнароднага драматургічнага конкурса “Еўразія”. З гэтым жа творам аўтар перамог у інтэрнэт-галасаванні “Конкурса конкурсаў” расійскага фестываля “Залатая маска-2013″. А першы на Беларусі спектакль па гэтай жа п’есе з верасня 2013 года ідзе ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі ў пастаноўцы рэжысёра з Кыргызтана Шаміля Дыйканбаева.