«Сон у купальскую ноч»: інтэрв’ю з кіраўніком мастацка-пастановачнай часткі Сяргеем Рылко

02 Лістапада
«Сон у купальскую ноч»: інтэрв’ю з кіраўніком мастацка-пастановачнай часткі Сяргеем Рылко
Мы падрыхтавалі серыю інтэрв'ю з тымі, хто працаваў над стварэннем спектакля "Сон у купальскую ноч": рэжысёрам, кампазітарам, харэографам, мастаком па святле, загадчыцай літаратурна-драматургічнай часткі і іншымі. 
Першую размову мы правялі з кіраўніком мастацка-пастановачнай часткі Сяргеем Рылко, які распавёў пра ўнутраны працэс падрыхтоўкі прэм'еры, складанасці работы і пачуцці, якія глядач забярэ з сабою пасля спектакля.

OhtpwZDx3Lo.jpg

Адмыслова для спектакля "Сон у купальскую ноч" будзе заўважна зменена пляцоўка галоўнай сцэны. Распавядзіце, калі ласка, як гэта будзе выглядаць?

          Мы прыбіраем  тры шэрагі крэслаў у глядзельнай залі і на памер атрыманай вольнай прасторы павялічваем даўжыню сцэны. Такім чынам сцэнічная пляцоўка робіцца значна большай, што дазваляе нам усталяваць на сцэне яшчэ 150 глядацкіх месцаў. Дзякуючы гэтаму з’яўляецца магчымасць размясціць у тэатры 450 гледачоў.

          – Якія тэхналогіі выкарыстаны ў спектаклі «Сон у купальскую ноч»?

          Вельмі добра, што цяпер у Беларусі на пляцоўцы Купалаўскага тэатра мы можам ствараць цікавыя і тэхналагічныя спектаклі. Наш тэатр мае велізарныя рэсурсы для выкарыстання рознага абсталявання: відэа, святла, гука, механікі.. Паколькі у нашай краіне тэхнічныя магчымасці такога ўзроўню ёсць толькі ў адным тэатры, мала хто са сцэнографаў і рэжысёраў здольныя выкарыстаць іх напоўніцу. Выдатна, што ў тэатр па запрашэнні прыехала пастановачная група з іншай краіны і змагла зрабіць так, каб беларускі глядач змог ацаніць тэхнічныя магчымасці нашай сцэны.

          У спектаклі будзе задзейнічана праекцыя на празрысты куб з усіх чатырох бакоў. Таксама на яго будуць транслявацца з пяці камер выявы ўсяго таго, што адбываецца на сцэне.          

         Гэты спектакль стаў магчымым яшчэ і таму, што ў тэатры ёсць вялікі парк гукавога абсталявання і высокакваліфікаваныя інжынеры. Усё гэта дапамагло агучыць артыстаў такім чынам, каб іх было  добра чутно ўнутры куба і па-за яго межамі.

          У спектаклях Купалаўскага тэатра рэдка калі выкарыстоўваюцца больш за два люкі-правалы, а ў гэтым спектаклі задзейнічны чатыры, якія ўяўляюць сабой комплексныя камбінацыі з кабін люкаў-правалаў, плунжэраў аркестровай ямы. Таксама мы здолелі забяспечыць поўную бяспеку артыстаў пры пад’ёмах, дзякуючы ўдасканаленню абсталявання верхняй механізацыі сцэны і прапрацоўкі ўсіх магчымых крытычных момантаў.

          Якія складанасці паўставалі падчас працы над гэтым спектаклем?    

Гэтыя складанасці былі насамрэч цікавымі для мяне. Рэдка калі знаходзяцца бюджэты для рэалізацыі складаных, высокатэхналагічных спектакляў. Цікава было прыдумаць і рэалізаваць праект сцэнаграфіі, зрабіць яе максімальна бяспечнай для артыстаў.  

          Менавіта ў гэтым спектаклі мастацка-пастановачная частка была ўключана ў працу ад самага пачатку. Паколькі у гэтым спектаклі былі прысутныя тэхналагічныя «вынаходствы», неабходна было паспрабаваць іх увасобіць. Ад некаторых ідэй давялося адмовіцца, бо іх проста фізічна немагчыма было рэалізаваць, а замест іх прапаноўвалі новыя, якія не супярэчылі задуме рэжысёра і мастака, але былі больш рэальнымі ў нашых умовах. Для праектавання  дэкарацый  мы дадаткова запрашалі высакакласных спецыялістаў. 
EdEestnuKbQ.jpg

– Ты працаваў у шмат якіх тэатрах. Ці можаш параўнаць тэхнічны патэнцыял Купалаўскага з іншымі тэатрамі?

Тэхнічны патэнцыял Купалаўскага агромністы. Дзякуючы апошняй рэканструкцыі, мы маем больш магчымасцяў за шмат якія іншыя тэатры Беларусі і Расіі. У нас выдатная сцэнічная механізацыя: люкі-правалы, штанкетныя і індывідуальныя пад’ёмы. Самы вялікі парк праекцыйнага абсталявання ў Беларусі знаходзіцца ў Купалаўскім тэатры.

Якія ўражанні застануцца ў гледача пасля спектакля “Сон у купальскую ноч”?

Якімі б разнастайнымі тэхнічнымі сродкамі мы ні валодалі, важна, каб усё працавала ў комплексе: рэжысёрская ідэя, арыгінальнасць увасаблення, тэхнічная складанасць. Самае галоўнае, каб глядач атрымаў задавальненне. І мне здаецца, што ў гэтага спектакля ўсё атрымалася.