Быць Генадзем Гарбукам

29 верасня
 Быць Генадзем Гарбукам
У Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы 27 верасня адбыўся юбілейны вечар народнага артыста Беларусі, лаўрэата Дзяржаўных прэмій СССР і Беларусі Генадзя Гарбука.

Акцёру споўнілася 80 год яшчэ ў ліпені, але зараз ён адсвяткаваў гэтую падзею разам з сябрамі, калегамі і гледачамі — прадставіў на сцэне тэатра, дзе працуе ўжо больш за паўвека, музычную праграму "Быць Генадзем Гарбукам". Генадзь Міхайлавіч не раз казаў, што стаць эстрадным спеваком — яго мара, таму ў святочны вечар ён выконваў любімыя рамансы, ваенныя і пасляваенныя патрыятычныя песні ў суправаджэнні жывога аркестра (баян, скрыпка, гітара, кантрабас, ударныя, раяль і мандаліна). Таксама артыст угадаў некалькі знакавых у творчай біяграфіі роляў: прачытаў маналог Дзерваеда са спектакля „Радавыя“, Зёлкіна са спектакля „Хто смяецца апошнім“ і дзеда Курылы з пастаноўкі „Сымона-музыкі“. Зараз артыст рыхтуецца да новай пастаноўкі — 22 кастрычніка адбудзецца прэм’ера спектакля „Тата“, дзе Генадзь Міхайлавіч выконвае адну з галоўных роляў.