"Пінская шляхта" ў Беластоку

Дата: 29 верасня 2019 года

   Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы 29 верасня 2019 года ў рамках міжнароднага фестывалю “Кірунак Усход” (Беласток, Польшча) прадставіў польскай грамадскасці і прадстаўнікам беларускай этнічнай меншасці спектакль “Пінская шляхта” паводле п’есы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Уваходныя квіткі на паказ спектакля гледачы разабралі ўжо ў першы дзень распаўсюджвання. Публіка авацыямі, стоячы вітала артыстаў-Купалаўцаў пасля завяршэння спектакля.

   Акрамя паказу спектакля, генеральны дырэктар тэатра Павел Латушка разам з мастацкім кіраўніком Мікалаем Пінігіным і артыстамі тэатра: Народным артыстам Беларусі Віктарам Манаевым і Заслужаным артыстам Беларусі Аляксандрам Падабедам правялі творчую сустрэчу з вучнямі Ліцэя з беларускай мовай навучання ў г. Бельск-Падляскі.

   Пры падтрымцы Пасольства Беларусі ў Польшчы і консульскіх устаноў у Бялай-Падлясцы і Беластоку, кіраўнік Купалаўскага тэатра Павел Латушка правёў шэраг перамоў аб перспектывах супрацоўніцтва з кіраўнікамі тэатра імя Юліўша Астэрвы ў Любліне, Нацыянальнага тэатра Польшчы, Польскага тэатра ў Варшаве, Драматычнага тэатра ст.м. Варшавы, тэатра Рампа, Драматычнага тэатра імя Аляксандра Вянгеркі.

   Гэта першыя гастролі Купалаўскага тэатра ў юбілейным 100-м сезоне. Наперадзе ў купалаўцаў цэлы год цікавых праектаў і планы па гастролях як у Беларусі, так і за мяжой. Наступны замежны праект – паказ спектакля “Ураджай” у снежні бягучага года ў г. Парыжы.

Галерэя: